Белорусский портал в Казахстане

ЗАТ "Еўраопт" пачынае продаж аблігацый для юрыдычных асоб і насельніцтва



ЗАТ "Еўраопт" 7 лютага пачынае продаж сваіх аблігацый, выпушчаных для юрыдычных асоб і насельніцтва, паведамілі ў кампаніі.

Намінал адной каштоўнай паперы — 1.000 долараў ЗША. Аб`ём эмісіі — 8 млн долараў ЗША. Стаўка даходу фіксаваная і роўная 10,5% гадавых. Тэрмін абарачэння аблігацый — пяць гадоў.

Купіць аблігацыі ЗАТ "Еўраопт" можна ва ўстановах "Беларусбанка", спіс якіх даступны на сайце банка. Купля робіцца ў доларах ЗША. Для куплі аблігацый фізічным асобам неабходна мець пры сабе пашпарт.

"Беларусбанк" адкрые пакупніку рахунак "дэпо", на якім будуць захоўвацца набытыя аблігацыі. Адначасова ў банку адкрыюць бягучы рахунак, на які ў далейшым будуць залічвацца працэнты, а таксама сродкі ад датэрміновага выкупу і пагашэння аблігацый (для гэтых мэтаў могуць быць выкарыстаныя ўжо наяўныя ў інвестара ў "Беларусбанку" рахункі або банкаўскія аплатныя карты).

Далей афармляецца даручэнне на куплю аблігацый, пакупнік аплачвае неабходную грашовую суму, і па выніках таргоў на біржы набытыя аблігацыі залічваюцца на рахунак "дэпо" пакупніка, які становіцца ўладальнікам аблігацый.

Даход па аблігацыях будзе выплачвацца адзін раз на год. Выплата будзе праводзіцца ў беларускіх рублях па курсе Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь на дату выплаты даходу. Для атрымання належных пакупніку сум у валюце эмісійныя дакументы даюць любому ўладальніку аблігацый магчымасць штогадовага продажу аблігацый эмітэнту праз сістэму Беларускай валютна-фондавай біржы. У гэтым выпадку інвестар (пакупнік) атрымае свой прыбытак і намінал аблігацый у валюце. У адпаведнасці з дзейным заканадаўствам вызваляюцца ад падаходнага падатку даходы фізічных асоб, атрыманыя па аперацыях з аблігацыямі.

Азнаёміцца з праспектам эмісіі другога выпуску аблігацый ЗАТ "Еўраопт" можна ў цэнтрах абслугоўвання "Беларусбанка".

ЗАТ "Еўраопт" створанае ў 1995 годзе. Асноўнымі відамі дзейнасці на гэты момант з`яўляюцца здача ў арэнду ўласнай нерухомай маёмасці, вытворчасць электрычнай і цеплавой энергіі, аказанне паслуг тэхнічнага нагляду за будаўніцтвам і паслуг па правядзенні электрафізічных вымярэнняў на аб`ектах. Ключавым партнёрам ЗАТ "Еўраопт" з`яўляецца сетка магазінаў "Еўраопт".

Марына Носава, БелаПАН
Мінск, 7 лютага 2017

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-402/98/38630
Текущая дата: 06.11.2024