Белорусский портал в Казахстане

Урад Беларусі зацвердзіў прагноз росту экспарту тавараў у 2017 годзе па краінах



Аб гэтым паведамілі ў прэс-службе ўрада.

Урад Беларусі зацвердзіў ключавыя паказчыкі эфектыўнасці работы па экспарце тавараў на 2017 год. Гэта прадугледжана пастановай Савета Міністраў ад 15 лютага 2017 года нумар 138.

Паказчыкі распрацаваны для дасягнення прагнознага параметру экспарту тавараў і паслуг на 2017 год - 103,8 працэнта да 2016 года, прадугледжанага ўказам "Аб задачах сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2017 год", а таксама на аснове аналізу загранустановамі аб`ёмаў і структуры экспарту ў краінах знаходжання і магчымасцей нарошчвання паставак з Беларусі.

У якасці ключавых паказчыкаў эфектыўнасці работы кіраўнікоў загранустаноў, службовых асоб, замацаваных за краінамі, вызначана выкананне паказчыкаў прагнозу па экспарце тавараў на 2017 год. У прыватнасці, тэмп росту экспарту тавараў (без уліку аб`ёмаў нафты, нафтапрадуктаў і азотных угнаенняў) у Азербайджан вызначаны на ўзроўні 120 працэнтаў да 2016 года. Экспарт у Кітай павінен вырасці на 15 працэнтаў.

Прагноз па Казахстане, Малдове, Нідэрландах, Турцыі, Фінляндыі, Швейцарыі, Балгарыі, В`етнаме, Манголіі, Эфіопіі - рост экспарту на 10 працэнтаў.

На 5 працэнтаў трэба павялічыць экспарт у Расію, ЗША, Кубу, Кыргызстан, Аўстрыю, Венгрыю, Румынію, Нігерыю і шэраг іншых краін. У якасці крытэрыю выканання кіраўнікамі рэспубліканскіх органаў дзяржкіравання і іншых дзяржарганізацый, падпарадкаваных ураду, аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама задання па дыверсіфікацыі экспарту ўзяты мэтавы паказчык "удзельная вага экспарту тавараў на новыя перспектыўныя рынкі ў агульным аб`ёме экспарту тавараў" з разліку для кожнага з органаў дзяржкіравання з улікам выканання пазначаных паказчыкаў у 2016 годзе і тэмпу росту ў 2017 годзе ў памеры каля 5 працэнтаў.

Кіраўнікам загранустаноў Беларусі, службовым асобам, замацаваным за краінамі, даручана забяспечыць штомесячнае павелічэнне аб`ёмаў экспарту тавараў у працэнтах да аналагічнага перыяду 2016 года.

Рэспубліканскім органам дзяржкіравання і іншым дзяржарганізацыям, падпарадкаваным ураду, аблвыканкамам і Мінскаму гарвыканкаму даручана забяспечыць раўнамернае памесячнае выкананне вызначаных заданняў.

Выкананне паказчыкаў экспарту плануецца забяспечыць у тым ліку за кошт рэалізацыі сумесных з МЗС планаў дзеянняў міністэрстваў, канцэрнаў, аблвыканкамаў і Мінгарвыканкама па развіцці гандлёва-эканамічнага і інвестыцыйнага супрацоўніцтва з замежнымі краінамі.

Кантроль за выкананнем пастановы ўскладзены на Міністэрства замежных спраў. Інфармацыя аб выкананні паказчыкаў па экспарце тавараў будзе штоквартальна накіроўвацца ва ўрад.

16 лютага 2017, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-408/1/38681
Текущая дата: 29.03.2024