Белорусский портал в Казахстане

СЗАТ "БелДжы" ў 2018 годзе прадало больш за восем тысяч аўтамабіляў.



Пра гэта ў інтэрв`ю тэлеканалу СТВ паведаміў першы намеснік міністра прамысловасці, выканаўца абавязкаў генеральнага дырэктара завода Генадзь Свідзерскі.

У 2018 годзе "БелДжы" прадало больш за 8 тысяч аўтамабіляў, з іх каля 5 тысяч — у Расію

Паводле слоў Свідзерскага, каля пяці тысяч аўтамабіляў было рэалізавана ў Расію і 3,7 тысячы — у Беларусі.

"Гэта дазволіла нашаму заводу выйсці на чацвёртае месца ў продажах. Яшчэ хацелася б адзначыць, што 75% нашых пакупнікоў — гэта фізічныя асобы", — сказаў Свідзерскі.

З рэалізаваных у Беларусі аўтамабіляў 1,7 тысячы прададзеныя па схеме крэдытавання. Гэтая схема працягне працаваць і ў 2019 годзе, сказаў Свідзерскі.

Ён адзначыў, што найбольшым попытам карыстаюцца аўто крышталёва-белага, серабрыстага і базальтавага колераў. Вытворчасць арыентаваная на заказы пакупнікоў. "Нашы дылеры фармуюць партфель і ў Расіі, і ў Беларусі. Зыходзячы з гэтага мы заказваем камплекты і плануем працу", — сказаў Свідзерскі.

Ён адзначыў, што ў чацвёртым квартале 2018 года была прадстаўленая новая мадыфікацыя Geely Atlas. "Ужо пастаўлены на серыйную вытворчасць аўтамабіль з аб`ёмам рухавіка 1,8 Turbo, у лютым адкрываем продаж на гэтыя машыны", — распавёў Свідзерскі.

Ён паведаміў, што цяпер на прадпрыемстве выпускаецца адна машына кожныя чатыры хвіліны. У першым паўгоддзі 2019 года прадпрыемства плануе выйсці на праектную магутнасць — 120 машын за змену.

Свідзерскі таксама распавёў, што кітайскія партнёры пакуль не гатовыя пачынаць у Беларусі вытворчасць электрамабіляў Geely. "Для продажу электрамабіляў павінны быць створаныя пэўныя ўмовы — субсідаванне, інфраструктура. Калі ў Беларусі такая праграма будзе рэалізоўвацца, то, думаю, Geely будуць удзельнічаць, — сказаў Свідзерскі. — Аднак для нас цяпер больш важна палепшыць сэрвіс. Мы павінны забяспечыць спажыўцу найлепшыя ўмовы абслугоўвання. Тады аўтамабіль будзе паспяховы на рынку. І другая задача 2019 года — нам трэба пашырыць геаграфію продажу. Зараз вядзем перамовы з Сербіяй, Літвой, Польшчай, глядзім, як сертыфікаваць. Гэта складаны і працяглы працэс".

На пытанне, ці ламаюцца аўтамабілі Geely, Свідзерскі адзначыў: "Ламаецца ўсё. Як кажуць нашы кітайскія калегі, важна не наяўнасць праблем, праблемы заўсёды будуць узнікаць. Важна ўменне іх вырашаць. Хачу сказаць, што ўжо ёсць клуб Geely. Карыстальнікі дапамагаюць адзін аднаму, звяртаюць увагу на тыя пытанні, якія важныя пры эксплуатацыі аўтамабіля. Мы чытаем гэтую інфармацыю і выкарыстоўваем для таго, каб укараняць у вытворчасць. Адкрылі гарачую лінію 138, на якую кожны можа патэлефанаваць і спытаць".

Таццяна Каравянкова, БелаПАН
Мінск, 11 лютага 2019

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-408/1/46820
Текущая дата: 28.03.2024