Белорусский портал в Казахстане

У Беларусі лепшыя паказчыкі гандлёвага сальда і плацежнага балансу за апошнія 7-8 гадоў



Аб гэтым заявіў у эфіры телэканала «Беларусь 1» прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка.

«У свеце на фоне пандэміі ўтварыліся пэўныя нішы. Утварыўся павышаны попыт, на шчасце, у асноўным на тую прадукцыю, якая вырабляецца ў Беларусі. І мы змаглі ўдачна скарыстацца гэтым кан’юнктурным фактарам. Але гэта не значыць, што мы ляжалі, і прадукцыя сама плыла, умоўна кажучы, у рукі яе атрымальнікаў. Зразумела, не. Гэта напружаная, складаная работа, у тым ліку ва ўмовах санкцыйных абмежаванняў», — сказаў Раман Галоўчанка.

Паводле яго слоў, у нас лепшыя паказчыкі гандлёвага сальда, плацежнага балансу за апошнія 7-8 гадоў. «А калі не браць адзін год, то, напэўна, за апошнія 15 гадоў. Гэта сапраўды дасягненне, я лічу, беларускай эканомікі. Але гэта не зроблена ў кабінетах урада. Гэта зладжаная работа ўсіх эканамічных агентаў: ад рабочых, якія вырабляюць канкрэтную тэхніку або канкрэтныя тавары, да міністэрстваў і ведамстваў, галіновых рэгулятараў», — адзначыў прэм’ер-міністр.

Раман Галоўчанка падкрэсліў, што растуць рэальная заработная плата, даходы насельніцтва, пенсіі. «Вядома, мы хацелі б, каб яны былі большымі. Але ў любым выпадку мы перавышаем ужо ўласныя планы, якія паставілі на бягучы год. І гэта ўсё ў вельмі няпростых знешніх умовах», — канстатаваў ён.

Звязда, 6 снежня 2021

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-408/1/62073
Текущая дата: 29.03.2024