Белорусский портал в Казахстане

Мінэнерга пракаментавала забарону на пастаўкі беларускай электраэнергіі ва Украіну



Міністэрства энергетыкі Беларусі пракаментавала рашэнне ўкраінскага боку забараніць імпарт электраэнергіі з Беларусі, паведамілі ў прэс-службе ведамства.

«Аб’ёмы паставак беларускай электраэнергіі ва Украіну да прыняцця рашэння аб забароне яе імпарту Нацыянальнай камісіяй, якая ажыццяўляе дзяржаўнае рэгуляванне ў сферах энергетыкі і камунальных паслуг Украіны, былі нязначнымі. Таму прынятыя Украінай меры наўрад ці можна назваць адчувальнымі для беларускага боку», — заявілі ў Мінэнерга.

Забарона на пастаўку электраэнергіі з Беларусі ва Украіну дзейнічала і раней — з красавіка па снежань 2020 года. «Пасля яе заканчэння камерцыйныя ператокі электраэнергіі аднавіліся. У час неспрыяльных умоў надвор’я ў зімовы перыяд украінскі бок неаднаразова звяртаўся да Беларусі з запытам аб пастаўках электраэнергіі, неабходнай для забеспячэння ўстойлівай работы сваёй энергасістэмы. Наша краіна аказвала такую ​​дапамогу і прадастаўляла неабходны рэзерв магутнасці», — звярнулі ўвагу ў ведамстве.

«Гучныя заявы аб намеры Украіны спыніць імпарт беларускай электраэнергіі раней гучалі неаднаразова. Пытанне ў тым, ці не сутыкнуцца нашы ўкраінскія партнёры самі з наступствамі ад забароны. Пазіцыя беларускага боку застаецца нязменнай: мы нацэлены на канструктыўнае ўзаемадзеянне і, калі гэта спатрэбіцца, гатовы арганізаваць пастаўкі электраэнергіі ва Украіну», — рэзюмавалі ў Мінэнерга.

Звязда, 26 траўня 2021

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-408/25/59500
Текущая дата: 24.11.2024