Днямi Мiнскi гадзiннiкавы завод запусцiў у продаж спецыяльную серыю гадзiннiкаў. Усе атрыманыя сродкi ад рэалiзацыi гэтай серыi пойдуць на дабрачынны рахунак Мiнiстэрства аховы здароўя.
На цыферблаце гадзiннiкаў новай мадэлi выгравiраваны надпiс: «Мая дапамога ўрачам супраць COVID-19». На заднiм вечку корпуса вытворца змясцiў словы падзякi медыцынскiм работнiкам на 17 мовах. Акрамя беларускага «дзякуй», там можна знайсцi англiйскае «thank you», украiнскае «дякуємо», французскае «merci», польскае «dziękuję» ды iншыя варыянты. Латуневы корпус дапаўняе яркi чырвоны нейлонавы раменьчык, якi стане адметным знакам неабыякавага ўдзельнiка акцыi. Мадэль устойлiвая да ўздзеяння вiльгацi: гадзiннiк не баiцца кропель дажджу i пырскаў ад мыцця рук.
«Выпускам гэтых гадзiннiкаў мы хочам сказаць «дзякуй» медыцынскiм работнiкам, якiя ў гэты няпросты час ратуюць нашы жыццi. Мы назвалi мадэль «Час дапамагаць». Цяпер той час, калi многiя беларусы iмкнуцца зрабiць свой унёсак у дапамогу медыкам: хтосьцi шые ахоўныя маскi i касцюмы, хтосьцi гатуе i перадае гарачыя абеды, нехта ладзiць дабрачынныя канцэрты. Гэтыя гадзiннiкi — яшчэ адна магчымасць матэрыяльна дапамагчы нашым урачам, а таксама напамiн для нас, што пры кожным руху стрэлак цыферблата медыкi рызыкуюць сваiмi жыццямi, каб захаваць нашы», — адзначае арт-дырэктар завода Iван Краўчэня.
Для завода гэтая дабрачынная акцыя — не першая ў перыяд каранавiруснай пандэмii. У сакавiку «Прамень» ужо адгукнуўся на запыт аб дапамозе ад медыкаў 4-й гарадской клiнiчнай бальнiцы iмя М. Я. Саўчанкi i пералiчыў сродкi на закупку шматразовых ахоўных медыцынскiх касцюмаў.
Аўтар: Сяргей Куркач
Звязда, 25 красавіка 2020
Звязда, 25 красавіка 2020
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-408/33/53062
Текущая дата: 25.11.2024