Белорусский портал в Казахстане

ААТ "БМЗ - кіруючая кампанія холдынга "БМК" плануе паставіць не менш як 200 тыс.т сталі ў краіны Афрыканскага кантынента ў 2024 годзе



Аб гэтым паведаміў журналістам генеральны дырэктар прадпрыемства Дзмітрый Корчык пасля сустрэчы старшыні Гомельскага аблвыканкама Івана Крупко з калектывам завода.

"Мы заўсёды прысутнічалі на Афрыканскім кантыненце. Сёння, безумоўна, ёсць пэўныя цяжкасці з лагістыкай, правядзеннем разлікаў. Але ў першым квартале гэтага года мы ўжо забяспечылі пэўныя пастаўкі металапрадукцыі. І мінімальная лічба па гэтым годзе, якую мы праглядаем, - 200 тыс. т сталі", - агучыў планы кіраўнік.

У мінулым годзе на Афрыканскі кантынент жлобінскія металургі адгрузілі каля 140 тыс. т прадукцыі. "У гэтым годзе пастаўкі нарошчваем. Там нашу прадукцыю ведаюць, нашай прадукцыяй цікавяцца", - дадаў гендырэктар.

БМЗ пастаянна працуе і па імпартазамяшчэнні - праз асваенне новых відаў прадукцыі. "Толькі за мінулы год асвоілі больш як 60 новых відаў прадукцыі - новых марак сталі, новых відаў вырабаў, у асноўным для аўтапрама", - удакладніў кіраўнік.

"Па выніках мінулага года нарасцілі пастаўкі нашай прадукцыі ў Беларусь больш як на 5 працэнтаў - пад патрэбнасці аўтапрама, машынабудавання. Раней аналагічная прадукцыя завозілася з Еўропы, Украіны. Сёння мы ў прынцыпе поўнасцю замяшчаем гэтымі відамі прадукцыі і забяспечваем нашых спажыўцоў", - расказаў Дзмітрый Корчык.

Нарасціла ў мінулым годзе прадпрыемства пастаўкі і ў Расію. "Асноўныя напрамкі - будаўніцтва, аўтапрам, машынабудаванне, нафтаздабыча", - канкрэтызаваў генеральны дырэктар.

Гаворачы аб рабоце БМЗ у першым квартале, Дзмітрый Корчык падкрэсліў: па сакавіку прадпрыемства выходзіць на вытворчасць 220 тыс. т сталі ў месяц. "Пад усю вытворчасць маем адпаведныя кантракты, заказы", - зрабіў акцэнт гендырэктар.

"Па забеспячэнні сыравінай, металаломам усе пытанні вырашаны, сёння нават фармуецца запас. Эканоміка прадпрыемства станоўчая. Займаемся павышэннем эфектыўнасці вытворчасці, каб выконваць усе нашы сацыяльныя абавязацельствы", - падагульніў Дзмітрый Корчык.

27 сакавіка 2024, Жлобін
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-408/4/73390
Текущая дата: 26.12.2024