Белорусский портал в Казахстане

Ва ўмовах праблем з пастаўкамі беларускіх прадуктаў у Расію Аляксандр Лукашэнка даручыў ураду шукаць новыя рынкі збыту



Пра гэта паведамляе прэс-служба Прэзідэнта.

"Калі Расія нас не разумее і разумець не хоча, ну што ж — сустрэнемся з прэзідэнтам пасля інаўгурацыі, абмяркуем дэталёва і капітальна ўсе пытанні. Трэба вызначацца", — заявіў Лукашэнка падчас рабочай паездкі ў Дзяржынскі раён Мінскай вобласці.

"Калі яны вырашылі нас нахіляць пастаянна незразумела за што, тады будзем шукаць сваё шчасце ў іншым месцы, таму шукайце іншыя рынкі. Нельга на адным рынку ўвесь час сядзець", — цытуе прэзідэнта яго прэс-служба.

"Яны завезлі, нехта адкаты атрымаў за гэта сухое малако з Новай Зеландыі. Па-першае, што прывезлі, чым народ кормяць? Але гэта — іх праблема. Яны гэтага не разумеюць і разумець не хочуць, таму што паўсюль адкаты", — зазначыў Лукашэнка.

"А мы павінны бачыць свае інтарэсы, якія не супярэчаць інтарэсам расіян, — дадаў ён. — Мы ім дрэннага нічога не вязем. Дай бог, як самі правяраючыя кажуць, каб у Расіі было так, як у Беларусі. Таму будзем вызначацца ў гэтым годзе. Што ж мы добрую справу робім і на каленях пастаянна стаім".

Прэзідэнту даклалі, што балансы па пастаўцы малочнай прадукцыі з Беларусі ў Расію пакуль не падпісаныя — бакі працягваюць перамовы. Прагучала меркаванне, што дзеянні расійскага боку па забароне паставак з шэрагу беларускіх прадпрыемстваў звязаныя з пастаўкамі ў Расію вялікіх аб`ёмаў сухога малака з іншых краін, у прыватнасці — з Новай Зеландыі.

Праблемы з пастаўкамі беларускай малочнай прадукцыі на расійскі рынак паўсталі ў канцы лютага — Рассельгаснагляд сцвярджае, што яна небяспечная. 19—23 сакавіка прадстаўнікі расійскага ведамства праінспектавалі беларускія малакаперапрацоўчыя прадпрыемствы. Па выніках праверкі Рассельгаснагляд абвінаваціў беларускую ветэрынарную службу ў датычнасці да ашуканскіх схем.

Мяркуецца, што бліжэйшыя беларуска-расійскія перамовы на вышэйшым узроўні пройдуць у межах пасяджэння Вышэйшага дзяржсавета (ВДС) Саюзнай дзяржавы. Дата пасяджэння пакуль не называецца, але вядома, што яго плануецца правесці ў Мінску.

Абмяркоўваючы 12 сакавіка падрыхтоўку да пасяджэння ВДС з дзяржсакратаром Саюзнай дзяржавы Рыгорам Рапотам, Лукашэнка заявіў, што ёсць шэраг пытанняў, якія ім варта абмеркаваць з Уладзімірам Пуціным.

"І ў сферы ваенна-палітычнага супрацоўніцтва, і ў сферы эканамічнага супрацоўніцтва паміж дзвюма дзяржавамі. Думаю, што фармат Саюзнай дзяржавы для гэтага падыходзіць", — сказаў Лукашэнка.

БелаПАН
Мінск, 30 сакавіка 2018

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-408/45/42996
Текущая дата: 25.11.2024