Белорусский портал в Казахстане

Рэалізацыя беларускімі спецыялістамі праекта па будаўніцтве Гарлыкскага горна-абагачальнага камбіната (ГАК) у Туркменістане з`яўляецца сігналам усяму свету аб магчымасцях Беларусі ў будаўнічай сферы і ў здабычы карысных выкапняў



Пра гэта Аляксандр Лукашэнка заявіў 28 сакавіка ў час рабочай сустрэчы са старшынёй Савета Рэспублікі Міхаілам Мясніковічам.

Як паведамлялася, Лукашэнка 29—31 сакавіка зробіць афіцыйны візіт у Туркменістан. Галоўнай падзеяй у гэтыя дні, падкрэслілі ў прэс-службе прэзідэнта, стане адкрыццё Гарлыкскага горна-абагачальнага камбіната, які будаваўся пад ключ беларускімі спецыялістамі.

"Мы нарэшце асвоілі гэту вытворчасць, улічваючы, што ў савецкія часы, калі там вяліся даследаванні, Савецкі Саюз не змог, не рызыкнуў гэтым займацца. Гэта была вельмі складаная тэхналогія ў сувязі з тымі грунтамі, якія нам давялося прайсці. Але зрабілі. Значыць, тэхналогіі ў нас салідныя. І гэта сігнал усяму свету, што мы можам адкрыць любую шахту і здабываць там не толькі калійныя ўгнаенні, але любыя карысныя выкапні шахтавым спосабам. Я ўжо не кажу, адкрытым спосабам. Для нас гэта быў вельмі важны праект, і добра, што мы яго завяршылі", — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Мясніковіч, які наведваў Туркменістан 15—18 сакавіка, паведаміў Лукашэнку аб выніках рэалізацыі праекта і магчымасцях вытворчасці.

Пачатак рэалізацыі праекта па будаўніцтве беларускімі спецыялістамі пад ключ горна-абагачальнага комплексу па выпуску калійных угнаенняў магутнасцю 1,4 млн тон у год на базе Гарлыкскага радовішча калійных соляў (Лябапская вобласць Туркменістана) быў пакладзены ў 2009 годзе, капсулу ў падмурак прадпрыемства заклалі прэзідэнты Туркменістана і Беларусі Гурбангулы Бердымухамедаў і Аляксандр Лукашэнка. У студзені 2010 года быў падпісаны адпаведны кантракт паміж ААТ "Белгархімпрам" і дзяржаўным канцэрнам "Туркменхімія".

У верасні 2016 года Беларусь і Туркменістан абвінавацілі адзін аднаго ў невыкананні абавязацельстваў пры будаўніцтве камбіната. Пасля гэтага, 3 кастрычніка, віцэ-прэм`ер Беларусі Анатоль Калінін заявіў аб тым, што ГАК будзе ўведзены ў эксплуатацыю ў сакавіку 2017 года.

У лістападзе мінулага года беларускі ўрад прадаставіў "Беларусбанку" гарантыі па крэдыце на 25 млн долараў у мэтах забеспячэння своечасовай рэалізацыі "Белгархімпрамам" праекта па будаўніцтве камбіната.

Аляксей Аляксандраў, БелаПАН
Мінск, 28 сакавіка 2017

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-408/58/38963
Текущая дата: 25.11.2024