Белорусский портал в Казахстане

Захаваць кандытарскія прадпрыемствы "Камунарка" і "Спартак" удалося дзякуючы пільнай увазе дзяржавы



Пра гэта заявіў Аляксандр Лукашэнка 18 сакавіка падчас размовы з працоўным калектывам СААТ "Камунарка" пасля наведвання вытворчасці.

Лукашэнка паведаміў, што яго даручэнні па мадэрнізацыі фабрыкі выкананы на 95%. "Быў перыяд, калі прадпрыемства не проста губілі, яно фактычна не існавала, я ў гэтым перакананы. Гэту мадэрнізацыю, якую цяпер ажыццявілі, ні адзін прыватнік не праводзіў бы", — цытуе Лукашэнку агенцтва БелТА.

На яго думку, у полі зроку дзяржавы і надалей павінны заставацца прадпрыемствы, якія маюць стратэгічна важныя кірункі, у тым ліку займаюцца вытворчасцю прадуктаў харчавання.

Лукашэнка нагадаў пра сітуацыю ў кандытарскай галіне пасля распаду СССР. Паводле яго слоў, з суседніх краін тады сталі паступаць прадукты сумніўнай якасці. "І тады маё рашэнне было — захаваць дзяржаўныя стандарты. Мы іх захавалі, таму зараз беларускія прадукты харчавання — па-за канкурэнцыяй", — лічыць Лукашэнка.

Закранаючы сітуацыю з пераходам прадпрыемства пад кантроль дзяржавы ў 2012 годзе, прэзідэнт заявіў, што "некаторыя інвестары часам больш думаюць пра ўласную выгаду, а не пра інтарэсы працоўнага калектыву" і менавіта гэтым было матывавана яго рашэнне аб тым, каб "выключыць з дзейнасці "Камунаркі" нядобрасумленнага інвестара".

"Трэба не ныць і пачынаць працаваць. І трэба спыніць балбатню ва ўрадзе, што прыйдзе прыватнік і вырашыць усе пытанні. Зараз жа трэба жыць і развівацца", — сказаў Лукашэнка.

Нацыяналізацыя "Камунаркі" фактычна адбылася ў кастрычніку 2012 года. На нарадзе аб развіцці кандытарскай галіны Лукашэнка тады распарадзіўся ліквідаваць наглядальныя саветы ў СААТ "Камунарка" і на СП ААТ "Спартак" і павялічыць у іх долю дзяржавы, а стратэгічны інвестар мінскай і гомельскай фабрык беларуска-амерыканскі бізнесмен Марат Новікаў пазбавіўся сваіх акцый. Па ўказанні прэзідэнта "Камунарку" ўзначаліў на той момант старшыня канцэрна "Белдзяржхарчпрам" Іван Данчанка.

Рашэнне аб нацыяналізацыі фабрык выклікала вострую негатыўную рэакцыю як беларускай бізнес-супольнасці, так і міжнародных фінансавых структур. У развіццё сітуацыі ўладамі быў падрыхтаваны праект закона аб ўладальніцкім наглядзе, які прадугледжваў абавязковае прызначэнне прадстаўнікоў дзяржавы ў акцыянерныя таварыствы, нават калі ў іх няма дзярждолі. У 2015 годзе праект быў адкліканы з парламента.

Аляксей Аляксандраў, БелаПАН
Мінск, 18 сакавіка 2016

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-408/66/34821
Текущая дата: 24.11.2024