Белорусский портал в Казахстане

Харчовая бяспека - і рэзультат, і гарантыя яднання, заявіў старшыня Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Васіль Хвацік



Аб гэтым паведамілі ў прэс-службе Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі.

"У сельскай гаспадарцы з году ў год ва ўсёй паўнаце мы бачым яднанне і ўзаемавыручку людзей працы. Асабліва яскрава - у час жніва. У нашых умовах надвор`я практычна не бывае проста ўборачнай кампаніі - гэта заўсёды бітва за ўраджай. Так, збожжа намалочана менш: 6 млн т супраць 7,6 млн т у мінулым годзе. Але гэта не значыць, што людзі працавалі горш, - сказаў Васіль Хвацік. - У гарачую пару ў вёсцы ўсе з`яднаны. Усе за ўраджай, за камбайнера. Ды і не толькі ў вёсцы. Аграрыям дапамагаюць настаўнікі і работнікі прамысловых прадпрыемстваў, работнікі лясной гаспадаркі, навучэнцы каледжаў і старшакласнікі. Уявіце: толькі на камбайнах па ўсёй краіне было занята 10,5 тыс. чалавек. Гэта больш, чым усё насельніцтва такога горада, як Валожын. На адвозцы збожжа быў задзейнічаны 6471 аўтамабіль. А колькі людзей працавала на аказанні спадарожных паслуг: гатаванні і дастаўцы ў поле гарачых абедаў і вячэры, цана якіх, дарэчы, на час уборачнай кампаніі была зніжана на 70 працэнтаў і больш. Падвоз халоднай пітной вады, рамонт тэхнікі і дастаўка запчастак, кантроль бяспекі працы - усё гэта патрабуе напружанай і зладжанай работы дзясяткаў тысяч чалавек".

Кожны робіць свой уклад у агульную справу, адзначыў Васіль Хвацік. "Заўсёды побач і прафсаюз. Наша задача - абарона працоўных. На ўсіх этапах сельскагаспадарчых работ разам з наймальнікамі падключаемся да вырашэння любых пытанняў, якія могуць узнікаць. Ці гэта дапамога ў стварэнні бяспечных умоў працы ці гэта падтрымка і вырашэнне жыццёвых пытанняў. Важна, каб нашы людзі мелі магчымасць і далей мірна працаваць, спакойна выконваючы сваю работу. Работу, якая так важна для кожнага беларуса", - падкрэсліў ён.

"Па вялікім рахунку, калі задумацца аб сімвале народнага адзінства, - гэта якраз мог бы быць каравай, у якім сабрана па зярнятку працы прадстаўнікоў мноства прафесій. І харчовая бяспека, якую мы такім чынам забяспечваем, - гэта прамы вынік, і ў той жа час гарантыя народнага адзінства", - дадаў Васіль Хвацік.

13 верасня 2023, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-408/7/70996
Текущая дата: 26.12.2024