Белорусский портал в Казахстане

У кіраўніцтве пагранведамства Украіны пацвярджаюць высновы калег з Беларусі аб прыродзе паходжання нелегальных беларускіх цыгарэт ва Украіне



На гэта звярнулі ўвагу ў Дзяржаўным пагранічным камітэце Беларусі.

У кіраўніцтве пагранічнага ведамства Украіны пацвярджаюць раней зробленыя высновы калег з Беларусі аб прыродзе паходжання нелегальных беларускіх цыгарэт ва Украіне. 

Так, у інтэрв`ю парталу 112.ua памочнік кіраўніка Дзяржаўнай пагранслужбы Украіны Алег Слабадзян адзначыў, што колькасць выяўленых цыгарэт на працягу года павялічылася ў разы. 

"Без перабольшання, мы спынілі дзейнасць некалькіх сур`ёзных каналаў перамяшчэння кантрабандных цыгарэт. Напрыклад, тое, што цыгарэты выпускаюцца кантрафактна Львоўскай фабрыкай, — гэта факт, які быў устаноўлены намі, і потым ужо па выніках нашай інфармацыі праваахоўнікі пачалі адпрацоўваць гэту фабрыку. Наколькі мне вядома, цяпер яна не працуе. Хоць яны сапраўды выраблялі цыгарэты беларускай вытворчасці, за кошт лабістаў казалі, што гэта цыгарэты, якія пагранічнікі прапускаюць на поўначы, а насамрэч яны ў Львове вырабляліся, а потым праз заходнюю мяжу перакідваліся ў краіны ЕС", — расказаў прадстаўнік Дзяржпагранслужбы Украіны. 

У беларускім пагранведамстве адзначылі, што яшчэ ў сакавіку—красавіку гэтага года на фоне гісторыі з катастрофай пад Луцкам Ан-2, які нібыта перавозіў беларускія кантрабандныя цыгарэты з Беларусі ва Украіну, звярнулі ўвагу на рэструктурызацыю ў суседніх краінах шэрага рынку тытунёвых вырабаў пад беларускімі брэндамі, што з`яўляецца гарантыяй заводской вытворчасці прадукцыі. Тады ж было заяўлена, што, верагодна, Ан-2, які разбіўся, выкарыстоўваўся ўкраінскімі кантрабандыстамі для транспарціроўкі ў Польшчу кантрафактных беларускіх цыгарэт, вырабленых на тэрыторыі Украіны. Да таго ж на кадрах з месца катастрофы пад Луцкам было бачна, што на пачках адсутнічаюць акцызы, што фактычна выключае іх заводскую вытворчасць. 

У пагранведамстве Беларусі заявілі, што беларуска-ўкраінская мяжа з пункту гледжання тытунёвай кантрабанды не ўяўляе асаблівай цікавасці для кантрабандыстаў. Ва Украіне цяпер цыгарэты таннейшыя, чым у Беларусі, аднак тытунёвыя вырабы беларускіх марак з`яўляюцца на шэрым рынку ў Адэсе, што з пункту гледжання кантрабанднай дастаўкі амаль пазбаўлена сэнсу. 

Таму, упэўненыя ў беларускім пагранведамстве, гаворка ідзе пра актыўную замену кантрабанды кантрафактам.

Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН
Мінск, 9 верасня 2015

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-408/71/32597
Текущая дата: 24.11.2024