Белорусский портал в Казахстане

Больш як 60 працэнтаў замежных грамадзян адзначаюць высокую якасць беларускіх тавараў



Аб гэтым сведчаць вынікі апытання, праведзенага латвійскім рэкламным агенцтвам AD Hunters Baltics.

Пасля набыцця беларускіх тавараў народнага спажывання 63 працэнты замежных грамадзян канстатавалі іх высокую якасць. 

У апытанні прынялі ўдзел 724 чалавекі з Літвы, Латвіі, Эстоніі, Фінляндыі, Польшчы і Германіі. «Грамадзяне краін Еўрасаюза, якія пры наведванні Беларусі набылі тавары мясцовай вытворчасці, адзначылі, што беларускія тавары маюць высокую якасць», — заяўляе агенцтва.

У першую чаргу замежным грамадзянам спадабаліся прадукты харчавання — малочныя, мясныя і хлебабулачныя вырабы, сокі, алкагольныя напіткі, мінеральныя воды, піва. Таксама адзначаны тавары ювелірных заводаў, абутковых фабрык, касметыка і бытавая хімія, калготкі і панчохі, бытавая тэхніка (у прыватнасці халадзільнікі і пральныя машыны), плітка і сантэхніка. Рэспандэнты падкрэсліваюць натуральнасць, калі размова ідзе аб прадуктах харчавання або касметыцы.

На думку старшыні праўлення групы рэкламных агенцтваў AD Hunters Baltics, эксперта па маркетынгу і грамадскіх адносінах краін Балтыі Кястуціса Ісакаса, часта беларускім таварам не хапае маркетынгу і рэкламы, каб яны былі выгадна прадстаўлены менеджарам гандлёвых сетак і канчатковым спажыўцам. «Гэта звязана і з тым, што ў краінах Еўрасаюза інфармацыя аб Беларусі ў цэлым падаецца даволі аднабока і часта гаворыцца толькі аб яе праблемах, але не аб поспехах. Экспартны патэнцыял прадпрыемстваў Беларусі вельмі вялікі, але фактычна ён не выкарыстоўваецца належным чынам», — лічыць ён.

Hunters Communications group — міжнародная група агенцтваў маркетынгу і камунікацый, якая працуе ў Латвіі, Літве, Беларусі, Расіі і Эстоніі. Яна была створана ў 1993 годзе.

Звязда, 5 траўня 2015

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-408/72/30891
Текущая дата: 24.11.2024