Такое меркаванне выказаў 24 чэрвеня намеснік старшыні Дзяржаўнага мытнага камітэта Сяргей Барысюк да пачатку пасяджэння грамадска-кансультатыўнага савета пры ДМК.
Прызнанне беларускіх упаўнаважаных эканамічных аператараў іншымі дзяржавамі будзе садзейнічаць спрашчэнню экспарту айчынных тавараў, а таксама скарачэнню выдаткаў па імпарце ў Беларусь.
Адно з пытанняў парадку дня - развіццё інстытута ўпаўнаважаных эканамічных аператараў. Як адзначыў Сяргей Барысюк, у ДМК гэта развіццё бачаць у прызнанні беларускіх упаўнаважаных эканамічных аператараў іншымі дзяржавамі. "На першым этапе гэта дзяржавы - члены Еўразійскага эканамічнага саюза, на другім - мытныя адміністрацыі сумежных дзяржаў і дзяржаў, якія з`яўляюцца асноўнымі гандлёвымі партнёрамі Беларусі, - удакладніў намеснік старшыні ведамства. - Калі нашы ўпаўнаважаныя эканамічныя аператары будуць прызнавацца ў такіх дзяржавах, гэта дасць дадатковыя канкурэнтныя перавагі пры экспарце беларускай прадукцыі, а таксама скарачэнне выдаткаў пры ўвозе ў нашу краіну імпартных тавараў".
Яшчэ адна актуальная тэма сённяшняга пасяджэння - ажыццяўленне кантролю за перамяшчэннем тавараў, якія змяшчаюць аб`екты інтэлектуальнай уласнасці. "З аднаго боку, гэта з`яўляецца дадатковай цяжкасцю, з іншага - мы стаім на абароне законных правоў праваўладальнікаў. Прычым не толькі замежных брэндаў, але і брэндаў беларускіх суб`ектаў гаспадарання", - адзначыў Сяргей Барысюк. Паводле даных ДМК, сёння ў нацыянальны мытны рэестр аб`ектаў інтэлектуальнай уласнасці ўключаны 271 таварны знак. У Казахстане іх больш у два разы, у Расіі - у дзевяць разоў.
Акрамя таго, удзельнікі пасяджэння абмеркавалі шляхі і метады ўдасканалення механізма пацвярджэння факта выплаты мытных плацяжоў за кошт пашырэння практыкі выкарыстання карпаратыўных пластыкавых картак і мабільных плацежных тэрміналаў, а таксама разгледзелі пытанні пераразмеркавання патоку грузавых транспартных сродкаў паміж аўтадарожнымі пунктамі пропуску Гродзенскай рэгіянальнай мытні і Брэсцкай мытні.
Грамадска-кансультатыўны савет пры ДМК быў створаны ў 2002 годзе. У яго склад уваходзяць прадстаўнікі буйных асацыяцый і аб`яднанняў, якія прадстаўляюць розныя сферы беларускай эканомікі. У прыватнасці, Беларуская навукова-прамысловая асацыяцыя, Савет па развіцці прадпрымальніцтва ў Беларусі, Бізнес-саюз прадпрымальнікаў і наймальнікаў імя прафесара М.С.Куняўскага, Асацыяцыя мытных прадстаўнікоў, Асацыяцыя міжнародных аўтамабільных перавозчыкаў "БАМАП", Асацыяцыя міжнародных экспедытараў і лагістыкі "БАМЭ" і іншыя.
На аснове канструктыўнага ўзаемадзеяння мытных органаў і дзелавых колаў Савет аказвае садзейнічанне распрацоўцы і рэалізацыі мытнай палітыкі Беларусі ў мэтах забеспячэння абароны эканамічных інтарэсаў краіны, стварэння спрыяльных умоў для ажыццяўлення прадпрымальніцкай дзейнасці, рацыяналізацыі структуры экспартна-імпартных аперацый, прыцягнення замежных інвестыцый.
24 чэрвеня 2015, Мінск
БЕЛТА
24 чэрвеня 2015, Мінск
БЕЛТА
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-408/72/31678
Текущая дата: 24.11.2024