Белорусский портал в Казахстане

Беларусь цалкам спыніла пастаўкі бэнзіну ў Расею



У сакавіку Беларусь не пастаўляла бэнзін на расейскі рынак — хоць павінна рабіць гэта ў адпаведнасьці з двухбаковамі дамоўленасьцямі.

Пра гэта 18 саквіка паведаміў на сваёй прэсавай канфэрэнцыі ў Менску кіраўнік канцэрну «Белнафтахім» Ігар Ляшэнка. Аднак «бэнзінавай» вайны, пра верагоднасьць якой пісалі апошнія дні многія СМІ, пакуль не прадбачыцца, бо расейскі віцэ-прэм’ер Аркадзь Дварковіч з паразуменьнем паставіўся да пазыцыі беларускага боку. 

Беларусь сёлета атрымае з Расеі 23 мільёны тон сырой нафты. Узамен мусіць паставіць на расейскі рынак 1 мільён 800 тысяч тон бэнзіну. Менавіта гэтыя лічбы прапісаныя ў нафтавым балянсе. Пад гэтым дакумэнтам стаяць подпісы віцэ-прэм’ераў Уладзімера Сямашкі і Аркадзя Дварковіча.

За студзень і люты ў Расею накіравана 140 тысяч тон бэнзіну. З сакавіка пастаўкі прыпыненыя. Ігар Ляшэнка так патлумачыў гэтыя дзеяньні:

«У сакавіку, калі сытуацыя з эканомікай зьмянілася, мы скарысталіся папраўкамі ў дамоўленасьцях. Яны прадугледжваюць у выпадку зьніжэньня прыбыткаў прыпыненьне паставак да правядзеньня кансультацыяў і выпрацоўкі нейкіх дадатковых захадаў».

А на пытаньне, калі Беларусь можа ўзнавіць экспарт бэнзіну ў Расею, старшыня канцэрну «Белнафтахім» адказаў, што гэта стане магчымым пры ўзнаўленьні эканамічнай эфэктыўнасьці такіх паставак.

У дамоўленасьцях, на якія спасылаецца Ігар Ляшэнка, ёсьць і такое палажэньне — за кожную тону бэнзіну, якую беларускі бок недапаставіць у Расею, Масква можа зьменшыць пастаўкі сырой нафты на пяць тон. Аднак віцэ-прэм’ер расейскага ўраду Аркадзь Дварковіч заявіў у Маскве, што гэтым правам расейцы пакуль ня будуць карыстацца.

«Мы ня будзем прымаць ніякіх сымэтрычных мер з пункту гледжаньня паставак нафты, ня будзем штучна абмяжоўваць пастаўкі».

Паводле Дварковіча, аналіз рынку паказвае, што ў Расеі няма дэфіцыту нафтапрадуктаў:

«Пакуль гэтыя пастаўкі зь Беларусі не зьяўляюцца крытычнымі».

Для Беларусі пастаўкі бэнзіну на расейскі рынак робяцца фінансава нявыгаднымі з-за дэвальвацыі расейскага рубля, — адзначае экспэрт у нафтавай галіне Тацяна Манёнак:

«Адзін з самых прывабных рынкаў — украінскі. Нягледзячы на тое, што там уведзена мыта на імпарт у памеры 10%, нягледзячы на сытуацыю з грыўняй. І іншыя памежныя рынкі таксама эфэктыўныя: і польскі, і літоўскі, і латвійскі.

А цяпер я заўважаю, што Беларуская нафтавая кампанія заключае доўгатэрміновыя кантракты. Напрыклад, зь літоўскай „Клайпедаснафтай“. І вялікія па аб’ёме кантракты. Дый спрабуе на іншых рынках замацавацца.

І калі б такая ж эфэктыўнасьць была і ў Расеі, то беларускі бок ня стрымліваў бы пастаўкі на расейскі рынак».

У нафтавых справах ёсьць ня толькі эканамічны складнік — лічыць палітоляг Андрэй Фёдараў:

«Пасварыўшыся амаль з усім сьветам, Масква зараз хоча, хоць бы на пэўны час, мець падтрымку з боку сваіх бліжэйшых хаўрусьнікаў. Хоць яны, як мы бачым, не заўсёды паводзяць сябе адэкватна. І таму на дадзены момант псаваць адносіны зь Менскам у Маскве палічылі немэтазгодным.

Мяне гэта крыху зьдзіўляе. Але, можа, яны ўсё гэта накопліваюць. Усе гэтыя нашы „грахі“. Каб пасьля ўжо ўламіць па поўнай».

Як сьведчыць статыстыка, сярэдняя цана адной тоны беларускіх нафтапрадуктаў у 2014 годзе была 723 даляры. Але цана тоны, якая ішла ў Расею, складала 591 даляр. А адна тона ва Ўкраіну каштавала 924 даляры.

Уладзімер Глод
Радыё Свабода, 18 сакавіка 2015

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-408/73/30138
Текущая дата: 24.11.2024