Белорусский портал в Казахстане

У цяперашніх умовах пытанне дыверсіфікацыі экспарту з`яўляецца адным з самых галоўных



Аб гэтым заявіў Аляксандр Лукашэнка 15 студзеня на пасяджэнні шостай пазачарговай сесіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу пятага склікання.

"Калі мы вырашым толькі адно пытанне — дыверсіфікацыі экспарту (у плане выпадаючых продажаў нашых тавараў у Расію) — і пераарыентуем прадукцыю на іншыя рынкі, то мы адыдзем ад абвалаў у эканоміцы, у фінансах. Таму пытанне нумар адзін — дыверсіфікацыя экспарту", — цытуе Лукашэнку дзяржаўнае агенцтва БелТА. 

"У гэты складаны час можна і трэба разлічваць толькі на сябе. Калі хтосьці з боку нам зможа дапамагчы — гэта будзе толькі плюс. Але не трэба разлічваць ні на Захад, ні на Усход, ні на Расію, ні на Украіну — ні на каго. Зыходзіць трэба толькі з уласных рэсурсаў, і для гэтага ёсць усе неабходныя ўмовы", — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. 

На яго думку, неабходна імгненна арыентавацца на кан`юнктуру рынку і неадкладна прымаць адпаведныя рашэнні. Гэты працэс ужо пайшоў, дадаў Лукашэнка. У прыватнасці, паводле яго слоў, члены ўрада едуць за мяжу і заключаюць кантракты для наступнай рэалізацыі беларускай прадукцыі. 

Лукашэнка таксама заявіў аб неабходнасці "больш актыўна працаваць на знешніх рынках, асабліва з улікам дружалюбных адносінаў са многімі замежнымі дзяржавамі". "Аўтарытэт Беларусі дастаткова высокі, перш за ўсё ў нашых сяброў — у Кітаі, Індыі, Іране, арабскіх і афрыканскіх краінах, Лацінскай Амерыцы. Ды і ЗША па многіх кірунках зрабілі крокі насустрач. Давайце скарыстаем гэта і прададзім туды хаця б прадукцыю, якую мы сёння не можам рэалізаваць на традыцыйных рынках — у Расіі і ва Украіне — у сілу існуючых тэндэнцый", — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Марына Носава, БелаПАН
Мінск, 15 студзеня 2015

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-408/74/29041
Текущая дата: 24.11.2024