Белорусский портал в Казахстане

Азербайджан пацвердзіў планы па куплі здымкаў з беларускага спадарожніка



Аб гэтым паведаміў 24 красавіка міністр сувязі і інфармацыйных тэхналогій Азербайджана Алі Абасаў, які прымаў удзел у 2-м беларуска-азербайджанскім бізнес-форуме ў галіне інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій.

Азербайджан зацікаўлены ў набыцці касмічнай інфармацыі, якую атрымліваюць з Беларускага касмічнага апарата (БКА).

Цяпер вядуцца перагаворы паміж Беларуссю і Азербайджанам. Азербайджан зацікаўлены ў атрыманні здымкаў з беларускага спадарожніка для вырашэння актуальных задач у галінах экалогіі і картаграфіі.

Міністр падкрэліў, што Азербайджан таксама мае ўласны тэлекамунікацыйны спадарожнік. Таму, на яго думку, абедзве краіны маглі б наладзіць узаемавыгаднае супрацоўніцтва ў галіне выкарыстання касмічных тэхналогій.

Акрамя таго, Азербайджан плануе супрацоўнічаць у галіне распрацоўкі праграмнага забеспячэння. Абодва бакі таксама разлічваюць эфектыўна ўзаемадзейнічаць у сферы кібербяспекі.

Азербайджан у гэтым годзе прадставіў нацыянальны стэнд на беларускім форуме "ТІБО-2013". Алі Абасаў падкрэсліў, што мерапрыемства арганізавана на высокім узроўні, на выстаўцы прадстаўлены новыя віды паслуг, якія "2-3 гады таму нельга было сабе і ўявіць". "Мы ўдзячныя, што беларускі бок прадаставіў нам магчымасць прэзентаваць перспектыўныя рашэнні азербайджанскіх кампаній у галіне інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій", - дадаў міністр.

24 красавіка 2013, Мінск
Андрэй Асфура - БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-408/76/20797
Текущая дата: 18.05.2024