Белорусский портал в Казахстане

Мара генеральнага



У Беларусі жыве чалавек, якім можа ганарыцца кожны яе жыхар.

Вучоны, канструктар, стваральнік беларускай школы канструявання і Міхаіл Высоцкідаследавання грузавых аўтамабіляў, Герой Беларусі — Міхаіл Высоцкі. Днямі ён адзначыў сваё 85-годдзе. Яго асабіста павіншаваў кіраўнік нашай дзяржавы, а навуковая супольнасць наладзіла ў яго гонар урачыстае свята. На жаль, сам акадэмік прысутнічаць на свяце не змог: не дазволіла здароўе. Але ўсе мы спадзяёмся, што гэты чалавек абавязкова дачакаецца, калі галоўная машына яго жыцця адправіцца ў свой першы маршрут.

Гэта яму мы абавязаны сваімі знакамітымі грузавікамі і аўтобусамі. А пачалося ўсё з дзіцячых уражанняў. Сам Міхаіл Высоцкі згадвае: "Нарадзіўся я на Капыльшчыне — у вёсцы Семежава побач з Кацярынінскім трактам, па якім яшчэ да вайны на Маскву ішлі легкавыя аўтамабілі. Там, дзе мы ў дзяцінстве любілі купацца, досыць часта спыняліся машыны. І мы заўсёды з задавальненнем дапамагалі кіроўцам па драбязе, за што яны дазвалялі нам пасядзець за рулём. Гэта паўплывала на маю любоў да тэхнікі".

Любоў гэтая дапамагла прыняць рашэнне аб паступленні ў аўтамеханічны тэхнікум у Мінску. Міхаіл Сцяпанавіч вучыўся і працаваў слесарам на Мінскім аўтамабільным заводзе, збіраў першыя беларускія самазвалы, а потым стаў працаваць на тым жа заводзе канструктарам. У 33 гады ён ужо быў галоўным канструктарам МАЗа. Яго працоўны стаж налічвае шэсць дзесяцігоддзяў, з якіх сорак гадоў — у якасці галоўнага канструктара ўсіх аўтамабільных заводаў краіны. Цэлае жыццё, багатае на падзеі, дасягненні, любоў, выпрабаванні і незабыўныя сустрэчы.

Ён асабіста ведаў Сяргея Каралёва: з МАЗаўскіх прычэпаў запускалі ракеты і касмічныя спадарожнікі. Для яго ладзіў парад сваіх аўтамабіляў Генры Форд. Яму ўдавалася пераконваць у сваёй праваце кіраўніка ўрада СССР Аляксея Касыгіна. Яму даверыў адраджэнне беларускага машынабудавання Аляксандр Лукашэнка...

Сваю сустрэчу з Прэзідэнтам Беларусі ў 1995 годзе Міхаіл Высоцкі лічыць лёсавызначальнай для беларускай аўтамабільнай прамысловасці. "Я ўжо тры гады працаваў у Акадэміі навук віцэ-прэзідэнтам і адначасова з`яўляўся галоўным канструктарам "БелаўтаМАЗа", — ўзгажваў ён. — Справы былі няважныя, трэба было нешта тэрмінова рабіць, ставіць галіну на ногі. Мы паказалі кіраўніку дзяржавы выстаўку канкрэтных навуковых распрацовак. Прэзідэнт спытаў, як іх укараніць, і на наш адказ пра патрэбу ў грошах паабяцаў дапамогу. У выніку была распрацавана дзяржаўная навукова-тэхнічная праграма "Белаўтатрактарабудаванне", потым — іншыя мэтавыя праграмы, якія літаральна выратавалі наша машынабудаванне."

Міхаілу Высоцкаму належыць вялікая заслуга ва ўмацаванні сувязі навукі з вытворчасцю. Яшчэ ў 1970-х ён стварыў пры Акадэміі навук аддзел грузавых аўтамабіляў двайнога падпарадкавання — акадэміі і заводу, навукова-вытворчае аб`яднанне "МАЗ-БПІ" з кафедрай "Велікагрузныя аўтамабілі", якую сам узначаліў, навукова-вытворчае аб`яднанне "Аўтафізтэх", а пазней — штатныя лабараторыі пры акадэміі, таксама двайнога падпарадкавання.

З яго іменем звязаны найбольш значныя дасягненні Мінскага аўтазавода: распрацоўка прынцыпова новай кампаноўкі велікагрузных аўтамабіляў "кабіна над рухавіком", якая атрымала распаўсюджванне па ўсім свеце, стварэнне канцэптуальнага модульнага аўтацягніка "МАЗ-200 "Перабудова", які быў прызнаны аўтамабілем ХХІ стагоддзя і атрымаў залаты медаль на Парыжскім Вялікім салоне аўтамабілебудавання ў 1988 годзе, стварэнне шасці пакаленняў магістральных аўтацягнікоў. Па яго ініцыятыве і пад яго кіраўніцтвам на МАЗе была арганізавана вытворчасць першых беларускіх аўтобусаў.

У 1990-х на пасадзе віцэ-прэзідэнта Акадэміі навук ён кансалідаваў намаганні вучоных і канструктараў не толькі ў інтарэсах Мінскага аўтазавода, але і ўсёй аўтатрактарабудаўнічай галіны краіны, што дазволіла забяспечыць станаўленне нацыянальнага аўтамабіле- і аўтобусабудавання.

З 2002 года Міхаіл Высоцкі з`яўляецца генеральным канструктарам па аўтамабільнай тэхніцы Рэспублікі Беларусь. Акадэмік, аўтар 145 вынаходніцтваў і патэнтаў, 450 навуковых прац, у тым ліку 20 манаграфій, намеснік генеральнага дырэктара па навуковай рабоце ў галіне аўтамабільнай і кар`ернай тэхнікі Аб`яднанага інстытута машынабудавання НАН Беларусі, ён ні на хвіліну не спыняе сваю творчую думку, ні на ёту не адхіляецца ад сваёй канструктарскай мары. Ён кажа, што галоўны аўтамабіль яго жыцця пакуль яшчэ не адправіўся ў свой першы маршрут — ад Брэста да Уладзівастока, Кітая і назад.

Размова пра шматзвённы магістральны аўтацягнік — сучасную версію яго знакамітага МАЗа-2000. Гэты аўтамабіль замяняе тры вялікія фуры. Пры гэтым кіраваць ім можа адзін чалавек і паліва патрэбна на 30-40% менш. Міхаіл Высоцкі ўпэўнены, што аўтамабіль прынясе вялікую карысць Беларусі.

Ну а мы проста абавязаны ведаць імя гэтага чалавека. Каб з гонарам назваць яго сваім дзецям. Бо дзякуючы такім, як ён, нам ёсць чым ганарыцца. "Звязда" віншуе Маэстра беларускага аўтамабілебудавання, жадае яму здароўя і ажыццяўлення мары.

Вольга Мядзведзева
Звязда, 16 лютага 2013


Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-408/79/19424
Текущая дата: 24.11.2024