Белорусский портал в Казахстане

Рэйтынг беларускіх брэндаў



Самым дарагім беларускім брэндам у 2011 годзе названы "Санта Брэмар".

Агенцтва MPP Consulting (Украіна) у межах праекта ацэнкі нацыянальных брэндаў ТOP National Brands апублікавала рэйтынг "БелБрэнд 2011 — ТОП-100 беларускіх брэндаў", паведаміў спецыялізаваны партал marketing.by.

Партал адзначыў, што ў параўнанні з рэйтынгам мінулага года брэнды падаражэлі, а лідары памяняліся месцамі. Так, першы радок рэйтынгу сёлета займае брэнд "Санта Брэмар", ацэнены ў 72,5 млн. долараў (летась — другое месца і 57,5 млн.). Лідарскую пазіцыю страціла Milavitsa, перамясціўшыся на другое месца з 64 млн. (першае месца і 60 млн. у 2010 годзе). На трэці радок падняўся брэнд "Аліварыя", які падрос да 52,3 млн. (чацвёртае месца і 48 млн. долараў летась).

У дзясятку першых таксама ўвайшлі: "Савушкаў прадукт" (50 млн. долараў), Conte (49,4 млн.), "Бульбашъ" (49,1 млн.), "Крынiца" (48 млн.), velcom (47,7 млн.), "Беларусбанк" (36,8 млн.) і "Камунарка" (31,2 млн.). Усе гэтыя брэнды ўваходзілі ў ТОП-10 і летась.

Тэлекамунікацыйная галіна ў рэйтынгу прадстаўлена ўсяго пяццю брэндамі, якія прысутнічалі ў ТОП-100 і летась. За выключэннем "Белтэлекама" кошт кожнага з іх некалькі вырас: 8-е месца — velcom, 47,7 млн. долараў (5-е месца летась, 46,8 млн.), 23-е месца — "Белтэлекам", 13 млн. (19-е, 13,3 млн.), 46-е месца — ByFly, 7,5 млн. (49-е, 7 млн.), 56-е месца — TUT.BY, 5,6 млн. (60-е, 5,2 млн.), 87-е месца — OPEN.BY, 1,92 млн. (97-е, 1,3 млн.).

Традыцыйна ў рэйтынгу прысутнічае вялікая колькасць брэндаў з высокаканкурэнтнай півабезалкагольнай галіны, а таксама рытэйла, фінансавых паслуг, лёгкай прамысловасці і прадуктаў харчавання, адзначае партал.

Замыкае рэйтынг навічок ТОП-100 — піўны брэнд "Тэма" коштам 1,05 млн. долараў.

Галоўнай задачай "БелБрэнда 2011" было вызначыць 100 самых дарагіх брэндаў Беларусі, а таксама іх бягучы рыначны кошт, грунтуючыся на паказчыках дзейнасці кампаній, якія выкарыстоўваюць гэтыя брэнды, пазіцый кожнай кампаніі на рынку і перспектыў іх развіцця.

У рэйтынг увайшлі толькі брэнды, якія былі створаныя ў Беларусі або для беларускіх тавараў і паслуг. Геаграфічная прыналежнасць паходжання брэнда да Беларусі была асноўным крытэрыем для ўдзелу такога брэнда ў рэйтынгу.

Галоўнай асаблівасцю методыкі ацэнкі брэндаў агенцтва MPP Consulting з`яўляецца тое, што кошт брэнда ўключае ў сябе выключна кошт гандлёвай маркі (імені) без уліку вытворчых магутнасцяў, інфраструктуры кампаніі, патэнтаў, вынаходніцтваў і іншых матэрыяльных або інтэлектуальных каштоўнасцяў.

У 2011 годзе ў рамках праекта TOP National Brands ужо былі апублікаваныя рэйтынгі самых дарагіх брэндаў Казахстана, Расіі, Германіі, Францыі, Італіі, Украіны і Японіі.

Марына Носава, БелаПАН
Мінск, 29 жніўня 2011

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-408/83/8880
Текущая дата: 24.11.2024