Белорусский портал в Казахстане

Пералік востра запатрабаваных спецыяльнасцей плануюць фарміраваць штогод у Беларусі



Аб гэтым 2 мая паведаміў міністр адукацыі Міхаіл Жураўкоў.

Пералік востра запатрабаваных эканомікай спецыяльнасцей плануюць фарміраваць кожны год у Беларусі. Такі пералік будзе складацца з 2017 года і штогод удакладняцца з улікам вынікаў папярэдняй уступнай кампаніі.

Як растлумачыў Міхаіл Жураўкоў, гэта спецыяльнасці, якія неабходны эканоміцы, але недастаткова папулярныя сярод абітурыентаў. Аблегчаны парадак залічэння на іх плануецца ўвесці для пераможцаў міжнародных і рэспубліканскіх алімпіяд, маладых людзей, якія скончылі школу з залатым, сярэбраным медалём або маюць дыплом аб сярэдняй спецыяльнай адукацыі з адзнакай, а таксама пераможцаў абласных алімпіяд па навучальных прадметах.

Паводле слоў міністра, цяпер у такі спіс можна было б уключыць спецыяльнасці, звязаныя з лёгкай прамысловасцю, сельскай гаспадаркай, частка з машынабудаваннем, металургіяй.

Міністр расказаў аб іншых навацыях, якія чакаюць абітурыентаў у 2017 годзе. Так, выпускнікі педагагічных класаў змогуць паступаць на педспецыяльнасці без уступных іспытаў.

Адзнакі для гэтага павінны быць не ніжэйшыя за 7 балаў па ўсіх прадметах навучальнага плана і не ніжэйшыя за 8 балаў па профільных прадметах. У ВНУ такія маладыя людзі будуць праходзіць гутарку.

Пры гэтым чакаецца, што тэрмін адпрацоўкі па размеркаванні ў іх будзе перавышаць два гады.

3 мая 2016, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-410/1/35394
Текущая дата: 25.11.2024