Белорусский портал в Казахстане

Чакаць павышэння заробкаў педагогам Беларусі засталося нядоўга?



"Да пачатку наступнага навучальнага года настаўнікі павінны адчуць на сабе павышэнне заробкаў", — заявіў 17 студзеня журналістам на брыфінгу міністр адукацыі Сяргей Маскевіч.

Варта нагадаць, што падчас апошняй прэс-канферэнцыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь для прадстаўнікоў беларускіх і замежных СМІ кіраўнік нашай дзяржавы канстатаваў: настаўнікі павінны атрымліваць годную заработную плату і эфектыўна працаваць.

— Выдаткі на адукацыю дасягаюць у Беларусі 6% ад унутранага валавога прадукту. І гэта вельмі высокі паказчык... Ва ўсялякім выпадку, на прасторах СНД большымі выдаткамі не можа пахваліцца ніводная краіна. Іншая справа, як мы гэтымі сродкамі распараджаемся? У нас ёсць шмат пытанняў наконт эфектыўнасці функцыянавання ўсёй сістэмы адукацыі, — падкрэсліў Сяргей Маскевіч. — Прэзідэнт папярэдзіў, што нам давядзецца прымаць непапулярныя меры. Адзін з кірункаў павышэння эфектыўнасці адукацыйнай галіны і стварэння фонду для павышэння заробкаў педагогам — аптымізацыя сеткі навучальных устаноў. Педагогі павінны зразумець, што мы не можам захоўваць малакамплектныя школы, дзе ў класе ўсяго па некалькі вучняў. Такія школы трэба закрываць і ісці шляхам стварэння для дзяцей добрых умоў для навучання. Да наступнага навучальнага года плануецца закрыць каля 100 школ. Яшчэ адзін рэзерв — гэта павышэнне напаўняльнасці класаў. У адпаведнасці з Кодэксам "Аб адукацыі", максімальная напаўняльнасць класаў складае зараз 25 чалавек. Але на самой справе сярэдняя напаўняльнасць класаў не перавышае 20 чалавек, нават у гарадскіх школах яна складае 21-22 чалавекі. Мы не збіраемся пераглядаць устаноўлены Кодэксам нарматыў, але будзем думаць над тым, каб змяншаць колькасць класа-камплектаў. Трэба, каб у класе было не 16 ці 19 вучняў, а менавіта 25. Будзем арыентаваць на выкананне паказчыка абласныя і гарадскія органы кіравання адукацыяй. Пры наборы навучэнцаў у першыя, пятыя і дзясятыя класы, гэта значыць, калі фарміруюцца новыя класы, гэтая лічба павінна выконвацца.

— Цяпер суадносіны колькасці вучняў і колькасці настаўнікаў складаюць восем да аднаго, а ў савецкай школе былі дзесяць да аднаго, — падкрэсліў міністр. — Ні на постсавецкай прасторы, ні ў Еўропе такіх суадносін няма. У агульнаадукацыйных установах у нас працуе 121 тысяча настаўнікаў. Але калі па адных кірунках назіраецца залішак педагагічных кадраў, то па іншых, наадварот, адчуваецца іх дэфіцыт: для прыкладу, агульнаадукацыйным установам не хапае дэфектолагаў, настаўнікаў фізікі, матэматыкі... З улікам гэтай сітуацыі будуць прымацца рашэнні аб скарачэнні падрыхтоўкі на педагагічных спецыяльнасцях па тых ці іншых кірунках.

Сяргей Маскевіч паведаміў таксама, што Міністэрствам адукацыі вывучалася пытанне аб павелічэнні нагрузкі на настаўнікаў з 18 да 20 гадзін у тыдзень:

— Мы раіліся з педагагічнай грамадскасцю, з галіновым прафсаюзам, вывучалі досвед нашых суседзяў, але дастаткова аргументаў для павелічэння нагрузкі пакуль не знайшлі.

Цяпер сярэдняя заработная плата школьнага настаўніка складае 3,5 мільёна рублёў пры сярэдняй нагрузцы 23 гадзіны. Але ў педагогаў дашкольных устаноў адукацыі заробкі выглядаюць яшчэ больш сціпла: яны вар`іруюцца ад 2,1 да 2,5 мільёна рублёў.

— Мы падрыхтавалі і ўзгаднілі з Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны і Міністэрствам фінансаў свае прапановы па аплаце працы работнікаў дашкольных устаноў. І зараз яны ўнесены на разгляд ва ўрад. У тым выпадку, калі нашы прапановы будуць падтрыманы, павышэнне заробкаў у сістэме дашкольнай адукацыі складзе не 5%, і не 10%, а нашмат больш, — запэўніў міністр.

Надзея Нікалаева
Звязда, 18 студзеня 2013

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-410/2/18981
Текущая дата: 23.12.2024