Магчымасць аднаўлення воднага злучэння паміж Чорным і Балтыйскім морамі вывучыць міжнародны кансорцыум, які ўключае Нацыянальную акадэмію навук Беларусі.
Кантракт на правядзенне даследавання быў падпісаны ў Мінску 29 студзеня паміж Марскім інстытутам у Гданьску (Польшча), які ўзначальвае кансорцыум, і РУЭСП "Днепра-Бугскі водны шлях" (Беларусь), заказчыкам даследавання. Эксперты прааналізуюць эканамічныя, тэхнічныя, экалагічныя і іншыя аспекты аднаўлення воднай магістралі Е-40 паміж Гданьскам і Херсонам. Іх высновы будуць прадстаўлены ў канцы 2015 года.
Як паведаміла прэс-служба фонду "Інтэракцыя", які выступае адным з удзельнікаў праекта з беларускага боку, на працягу адзінаццаці месяцаў кансорцыум павінен разгледзець мэтазгоднасць выкарыстання злучэння Е-40 на ўсім яго працягу і прапанаваць тры канкрэтныя сцэнарыі яго аднаўлення. Мяркуецца, што разам са сваімі калегамі беларускія эксперты будуць вывучаць эканамічныя і экалагічныя эфекты ад аднаўлення суднаходства па водным шляху, а таксама фінансавыя і юрыдычныя асаблівасці гэтага працэсу.
Паводле інфармацыі спецыялістаў, пралягаючы па тэрыторыі Польшчы, Беларусі і Украіны, водная магістраль Е-40 злучае порты Гданьска і Херсона па рэках Вісла, Заходні Буг, Прыпяць і Днепр. Аднак сёння судны не могуць праходзіць па яе адрэзку на рацэ Заходні Буг, паміж Варшавай і Брэстам, які з`яўляецца амаль несуднаходным. Гэты ўчастак Е-40 таксама перасякае экапаркі, што ўваходзяць у еўрапейскую прыродаахоўную сетку Natura 2000. Таму планаванне і будаўніцтва тут гідратэхнічных збудаванняў патрабуе пільнага аналізу.
Разам з Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі і Марскім інстытутам у Гданьску кансорцыум таксама ўтвараюць дзяржаўнае прадпрыемства "ЧарнаморНДІпраект" (Украіна), Інстытут эканомікі перавозак і лагістыкі (Германія) і Еўрапейска-ўкраінскае агенцтва па бізнесе і інавацыях (Германія).
Паведамляецца, што больш дэталёва кірункі працы ўсіх пяці арганізацый будуць вызначаныя на спецыяльнай сустрэчы, якая адбудзецца ў сярэдзіне лютага 2015 года.
Аднаўленне воднага шляху Е-40 дазволіць перавозіць да 4 млн. тон грузаў штогод. Гэта значна спросціць гандаль паміж Беларуссю, Польшчай і Украінай: унутраны водны транспарт забяспечвае эканомію паліва і можа выкарыстоўвацца для перавозкі буйнагабарытных грузаў. Яшчэ адна чакаемая выгада — развіццё сучаснай лагістычнай інфраструктуры ў прыгранічных рэгіёнах трох суседніх краін.
Для правядзення ўсіх неабходных работ кансорцыум як пераможца міжнароднага тэндара атрымае 493 тысячы еўра. Гэтыя грошы будуць выдзеленыя Еўрапейскім саюзам у межах праекта па аднаўленні воднага шляху Е-40. Вядучым партнёрам у праекце выступае РУЭСП "Днепра-Бугскі водны шлях". Беларускі бок таксама прадстаўляюць Брэсцкі абласны выканаўчы камітэт і фонд "Інтэракцыя", які спецыялізуецца на ініцыятывах устойлівага развіцця ў беларускіх рэгіёнах.
Аляксей Арэшка, БелаПАН
Мінск, 30 студзеня 2015
Мінск, 30 студзеня 2015
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-411/11/29341
Текущая дата: 25.11.2024