Як захоўваецца і перапрацоўваецца расійская нафта, і якія бліжэйшыя планы аднаго з галоўных нафтахімічных комплексаў Беларусі.
Наваполацкі "Нафтан" - адзін з найбуйнейшых нафтахімічных комплексаў Беларусі. Амаль уся сырая нафта, якую перапрацоўвае прадпрыемства, паступае з Расіі.
Як беларусы робяць з расійскага "чорнага золата" прадукцыю для іншых краін.
Сэрца завода пабудавалі сумесна з РФ
У гэтым годзе прадпрыемства папрацавала з сыравінай з ЗША, Нарвегіі і Саудаўскай Аравіі. Але асноўным пастаўшчыком нафты ўсе гады працы завода застаецца Расія.
"Сырая нафта з Расійскай Федэрацыі складае каля 70% нашага імпарту. Самы буйны пастаўшчык нафты - гэта "Сургутнафтагаз", а таксама "Раснафта", "Лукойл", "Татнафта", "Слаўнафта" і шэраг іншых расійскіх кампаній", - пералічвае намеснік генеральнага дырэктара па камерцыйных пытаннях Сяргей Хоміч.
Большая частка гатовай прадукцыі ідзе ў краіны далёкага замежжа, Прыбалтыку і на Украіну. Каля 20% экспарту прыпадае на Расію.
"У гэтым годзе на рынак РФ мы паставілі больш за паўтара мільёна тон нафтапрадуктаў на суму звыш 700 мільёнаў долараў. Таксама былі пастаўкі дызельнага паліва і аўтамабільнага бензіну", - кажа Хоміч.
Першасная перапрацоўка сырой нафты адбываецца на ўстаноўцы АТ-8, якая таксама была запушчана з удзелам Расіі ў 2017 годзе. Праект аб`екта распрацоўваў расійскі "Нафтахімрпаект". Усё калоннае абсталяванне АТ-8 выраблялася ў Расіі.
"Устаноўка АТ-8 - гэта сэрца завода. Выходныя прадукты з`яўляюцца сыравінай для іншых установак. Такім чынам, аб`ект займае галоўнае звяно ў ланцужку вытворчасці", - тлумачыць начальнік ўстаноўкі Віталь Данішэўскі.
Устаноўка перапрацоўвае да шасці мільёнаў тон нафты ў год. Дзякуючы гэтаму аб`екту завод атрымлівае прамагонны бензін, прамагоннае дызельнае паліва і газавую фракцыю.
"Сыравінай для ўстаноўкі з`яўляецца расійская нафта гатунку Urals, якая паступае па трубаправодзе "Дружба" непасрэдна ў сыравінны цэх і далей - на наш аб`ект", - кажа Данішэўскі.
Па словах галоўнага тэхнолага Арцёма Дудніка, "Нафтан" пастаянна ўзаемадзейнічае з навукова-даследчымі інстытутамі Расіі, якія дапамагаюць укараняць на заводзе новыя тэхналогіі.
Адгрузку ва Усць-Лугу гатовыя пачаць хоць заўтра
Адзін з перспектыўных напрамкаў работы Масквы і Мінска - гэта пераарыентацыя нафтавых патокаў з Прыбалтыкі ў расійскія парты, лічыць намеснік генеральнага дырэктара па вытворчасці Сяргей Алтухоў.
"У гэтым годзе мы пачалі шчыльную працу па дыверсіфікацыі паставак нафтапрадуктаў на перавалку ў парты Расійскай Федэрацыі", - удакладніў намеснік гендырэктара па камерцыйных пытаннях Сяргей Хоміч.
Паводле яго слоў, асноўная праца па гэтым пытанні вядзецца на ўзроўні ўрада рэспублікі і канцэрна "Белнафтахім". Ужо праведзены шэраг сустрэч і адбыліся перамовы з лагістычнымі кампаніямі.
"Тэхнічна мы гатовыя ажыццяўляць адгрузку літаральна з заўтрашняга дня", - адзначыў Хоміч.
Глыбіня перапрацоўкі нафты можа дасягнуць 90% ужо ў 2021 годзе
Нягледзячы на тое што на пачатку года ў "Нафтана" ўзніклі складанасці з доступам да расійскай сыравіны, завод максімальна павысіў прадукцыйнасць, каб кампенсаваць адставанне ў аб`ёмах. З запланаваных ў гэтым годзе 8,25 млн тон нафты прадпрыемства мае намер перапрацаваць 7,4 мільёнаў тон.
У бліжэйшых планах - завяршыць першы этап мадэрнізацыі прадпрыемства ў 2021 годзе, кажа намеснік гендырэктара па вытворчасці Сяргей Алтухоў
"Сёння магутнасці ў нас тэхнічна абмежаваныя, таму адставанне нам у поўнай меры не ўдаецца дагнаць, але мы плануем перапрацаваць парадку 7,4 мільёнаў тон па выніках 2020 года. Так, ёсць адставанне, але нічога ў гэтым катастрафічна няма. Прадпрыемства працуе ў планавым рэжыме , прадукты выпускаюцца", - растлумачыў намеснік гендырэктара па вытворчасці Сяргей Алтухоў.
У бягучым годзе НПЗ у Еўропе знізілі загрузку з-за падзення спажывання ва ўмовах пандэміі. Але "Нафтан" гэтая тэндэнцыя абыйшла бокам.
"Нашай камерцыйнай службе ўдаецца рэалізаваць ўсю таварную прадукцыю, якая атрымліваецца ў выніку перапрацоўкі нафты. Тым больш, у нас рынак дыверсіфікаваны: частка нафтапрадуктаў ідзе на ўнутраны рынак, частка ідзе на экспарт", - сцвярджае Алтухоў.
Гаворачы аб бліжэйшых планах, намеснік гендырэктара па вытворчасці адзначае, што ўрад Беларусі і канцэрн "Белнафтахім" паставілі перад "Нафтанам" "сур`ёзныя задачы". Адна з іх - завяршыць першы этап мадэрнізацыі прадпрыемства ў 2021 годзе.
"Пасля таго як мы ў 2021 годзе запусцім комплекс запаволенага каксавання, глыбіня перапрацоўкі нафты дасягне 90% з павелічэннем выхаду светлых нафтапрадуктаў да 65%", - сказаў на заканчэнне Алтухоў.
Sputnik, 20 кастрычніка 2020
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-411/4/56491
Текущая дата: 25.11.2024