Белорусский портал в Казахстане

Еўразійскі эканамічны саюз павінен сам даказаць сваю прыцягальнасць для трэціх дзяржаў



Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 14 мая на пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета ў Сочы.

Кіраўнік дзяржавы ў якасці паспяховага этапу сумеснай работы краін у ЕАЭС адзначыў распрацаваны праект палажэння аб статусе дзяржавы-наглядальніка.

"Але нельга рабіць неабдуманых крокаў, асабліва калі краіны не гатовы да ўстанаўлення больш цесных кантактаў з нашай арганізацыяй. ЕАЭС павінен сам даказаць сваю прыцягальнасць для трэціх дзяржаў", - лічыць Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт адзначыў, што Беларусь падтрымлівае прыняты лічбавы парадак дня Еўразійскага эканамічнага саюза да 2025 года.

"Гатовы ўдзельнічаць у ініцыятывах у сферы лічбавага гандлю, электроннай лагістыкі і лічбавых транспартных калідораў. Неабходна стварыць сумесныя тэхнічныя і прававыя ўмовы, якія даюць магчымасць аб`ядноўваць нашы нацыянальныя сістэмы ў інтэграцыйныя лічбавыя платформы", - сказаў ён.

Дагаворна-прававая база ЕАЭС пастаянна ўдасканальваецца. Так, завершана ўзгадненне праекта пагаднення аб міжнародных дагаворах з трэцімі дзяржавамі, арганізацыямі і інтэграцыйнымі аб`яднаннямі.

"Важна, каб гэты дакумент не стаў сухой інструкцыяй, а надаў новы імпульс перагаворным працэсам з нашымі партнёрамі - як падкрэсліў Прэзідэнт Казахстана, патрэбнымі для нас партнёрамі. Я ў гэтым плане яго падтрымліваю", - звярнуў увагу беларускі лідар.

Акрамя таго, ствараецца некалькі спецыяльных галіновых органаў саюза. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што трэба зрабіць усё, каб іх работа была арыентавана на вырашэнне канкрэтных праблем і яны змаглі ўнесці важкі ўклад у стварэнне агульнага рынку без выключэнняў і абмежаванняў.

"Наш інтэграцыйны праект будзе развівацца толькі пры выкананні чатырох асноўных свабод, якія замацаваны ў Дагаворы аб Еўразійскім эканамічным саюзе. Вельмі важна цаніць і выконваць дасягнутыя дамоўленасці, вырашаць самыя складаныя праблемы, апіраючыся на намі ж створаныя правілы, паважаць адзін аднаго, як гэта прынята ў саюзнікаў і дзелавых партнёраў. Беларусь настроена менавіта на такі стыль далейшых адносін", - заявіў Прэзідэнт.

14 мая 2018, Сочы
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-414/1/43424
Текущая дата: 28.03.2024