Белорусский портал в Казахстане

ЕЭК спрасціла ўвоз у ЕАЭС тавараў у разабраным выглядзе



Калегія Еўразійскай эканамічнай камісіі (ЕЭК) спрасціла ўвоз на тэрыторыю Еўразійскага эканамічнага саюза тавараў у разабраным выглядзе.

Адпаведныя змяненні ўнесены ў інструкцыю аб парадку запаўнення мытнай дэкларацыі на тавары, паведамілі ў прэс-службе ЕЭК.

Інструкцыя дапоўнена двума раздзеламі. "Першы ўстанаўлівае ўніфікаваны парадак запаўнення дэкларацыі на тавары, што перамяшчаюцца ў несабраным або разабраным выглядзе, у тым ліку некамплектным або незавершаным выглядзе, - растлумачылі ў ЕЭК. - Згодна з новаўвядзеннямі, цяпер у краінах ЕАЭС пры дэклараванні тавараў, што перамяшчаюцца ў разабраным выглядзе, да прадпрымальнікаў будуць прад`яўляцца адзіныя патрабаванні да дэкларавання гэтай катэгорыі тавараў. Раней такіх патрабаванняў на ўзроўні саюза не было, і гэты сегмент рэгуляваўся выключна нацыянальным заканадаўствам".

У камісіі нагадалі, што Мытным кодэксам ЕАЭС уніфікаваны асаблівасці дэкларавання тавару, што перамяшчаецца ў несабраным або разабраным выглядзе, у тым ліку ў некамплектным або незавершаным.

Гэта асаблівасць дае магчымасць удзельнікам знешнеэканамічнай дзейнасці дэклараваць складаны шматкампанентны тавар, які з-за сваёй асаблівасці не можа ўвозіцца адначасова, шляхам паслядоўнай падачы асобных дэкларацый на тавары на розныя кампаненты па меры іх увозу на мытную тэрыторыю саюза.

Пры гэтым заяўляецца інфармацыя аб цэлым тавары, у тым ліку код тавару па таварнай наменклатуры знешнеэканамічнай дзейнасці ЕАЭС, што істотна спрашчае работу ўдзельнікам знешнеэканамічнай дзейнасці, у тым ліку ў частцы магчымых атрыманняў ільгот, калі яны ўстаноўлены ў адносінах да камплектнага абсталявання.

Такі парадак таксама дае магчымасць праводзіць мантажныя работы да ўвозу ўсіх кампанентаў, г.зн. скарачае тэрміны ўводу абсталявання ў эксплуатацыю.

"Другі новы раздзел садзейнічае рэалізацыі аднаго з найбольш прагрэсіўных новаўвядзенняў кодэкса саюза - выпуску тавараў да падачы дэкларацыі на тавары, - падкрэслілі ў ЕЭК. - У прыватнасці, рашэнне ўстараняе прававыя прабелы ў дзеючых правілах мытнага дэкларавання тавараў, выпушчаных раней па заяве да падачы дэкларацыі на тавары, і з`яўляецца лагічным працягам сістэмнай работы камісіі па развіцці гэтага прагрэсіўнага інструменту, што дае магчымасць істотна знізіць выдаткі прадпрымальнікаў пры ажыццяўленні знешнеэканамічнай дзейнасці".

У рашэнні Калегіі ЕЭК вызначаны асаблівасці запаўнення дэкларацыі на такія тавары, у першую чаргу пададзенай ў выглядзе электроннага дакумента, што раней не рэгулявалася правам саюза.

Акрамя таго, рашэнне прадугледжвае магчымасць аб`ядноўваць у адной дэкларацыі звесткі аб таварах, выпушчаных да яе падачы, згодна з некалькімі раней пададзенымі заявамі.

"Гэта прынцыповае новаўвядзенне, якое чакаў бізнес, - пракаменціраваў новаўвядзенне дырэктар Дэпартамента мытнага заканадаўства і правапрымяняльнай практыкі ЕЭК Дзмітрый Някрасаў. - Рашэнне істотна эканоміць выдаткі прадпрымальнікаў пры правядзенні мытных аперацый, у першую чаргу звязаных з выплатай збораў за правядзенне такіх аперацый. Цяпер звесткі, змешчаныя, умоўна кажучы, у 500 заявах, можна будзе ўказваць у адной дэкларацыі на тавары, а гэта - шматразовае зніжэнне выдаткаў на зборы за правядзенне мытных аперацый".

Паводле ацэнак экспертаў, гэтыя новаўвядзенні не толькі ўстараняюць прававыя калізіі і ўраўноўваюць у правах прадпрымальнікаў краін саюза, але і істотна скарачаюць фінансавыя выдаткі суб`ектаў гаспадарання на ажыццяўленне знешнеэканамічнай дзейнасці.

23 студзеня 2019, Масква
Эдуард Півавар - БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-414/11/46676
Текущая дата: 23.11.2024