Белорусский портал в Казахстане

Еўразійскі эканамічны саюз будзе поўнасцю забяспечваць сябе прадуктамі харчавання ўжо ў бліжэйшай перспектыве



Аб гэтым заявіў член Калегіі (міністр) па прамысловасці і аграпрамысловым комплексе Еўразійскай эканамічнай камісіі (ЕЭК) Сяргей Сідорскі на ХХII Пецярбургскім міжнародным эканамічным форуме, паведамілі ў прэс-службе ЕЭК.

"Еўразійскі эканамічны саюз з`яўляецца глабальным іграком на сусветным аграхарчовым рынку, - сказаў Сяргей Сідорскі. - Перад намі стаіць задача выйсці на ўстойлівае развіццё сельскагаспадарчай вытворчасці, каб поўнасцю забяспечыць насельніцтва прадуктамі харчавання".

Міністр ЕЭК заявіў, што ў саюзе выкарыстоўваюцца адзіныя падыходы па забеспячэнні збалансаванага развіцця агульнага рынку. Краіны ЕАЭС поўнасцю задавальняюць унутраную патрэбнасць за кошт уласнай вытворчасці ў збожжы, агародніне, бульбе, алеі, яйках, цукры.

У бліжэйшай перспектыве саюз забяспечыць патрэбнасці насельніцтва практычна па ўсіх таварах, уключаючы малако, мяса птушкі і свініну. У краін інтэграцыйнага аб`яднання ёсць патэнцыял для нарошчвання канкурэнтаздольнай вытворчасці і развіцця экспарту высокатэхналагічнай прадукцыі АПК.

"Глабальныя перспектывы сельскай гаспадаркі вызначаюцца развіццём сучасных лічбавых тэхналогій і сістэм дакладнага земляробства. Пры гэтым саюз адкрыты для ўзаемавыгаднага гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, прыцягнення замежных інвестыцый і тэхналогій у АПК", - адзначыў Сяргей Сідорскі.

Паводле яго слоў, для забеспячэння харчовай бяспекі ў лік агульных задач дзяржаў пяцёркі ўваходзяць зніжэнне залежнасці ад імпарту селекцыйных і генетычных рэсурсаў, развіццё вытворчасці кармоў, кармавых дабавак, комплексных угнаенняў, сродкаў аховы раслін, развіццё сельскагаспадарчага машынабудавання.

Па кожным напрамку ЕЭК распрацавала комплекс стымулюючых мер. Напрыклад, вызначаны сумесныя дзеянні па развіцці ў ЕАЭС насенняводства і племянной жывёлагадоўлі, распрацаваны мерапрыемствы па падтрымцы вытворцаў сельгастэхнікі, прыняты меры па стварэнні ўмоў для лакалізацыі ў саюзе вытворчасці сучаснай тэхнікі і высокатэхналагічных рэсурсаў для сельскай гаспадаркі.

"Сумесныя дзеянні нашых краін, супрацоўніцтва з замежнымі партнёрамі дадуць магчымасць рэалізаваць патэнцыял па нарошчванні аб`ёмаў канкурэнтаздольнай вытворчасці і экспарту. Тым самым мы ўнясём важкі ўклад у забеспячэнне глабальнай вытворчай бяспекі", - рэзюмаваў Сяргей Сідорскі.

25 мая 2018, Масква
Эдуард Півавар - БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-414/12/43519
Текущая дата: 23.12.2024