Белорусский портал в Казахстане

ЕЭК ацэньвае эфект ад ліквідацыі бар`ераў і выключэнняў у межах ЕАЭС у 2018—2019 гадах у 600—800 млн долараў



Падчас пасяджэння савета ЕЭК было разгледжана больш за 30 пытанняў.

Адным з дасягненняў гэтага года стала зацвярджэнне Еўразійскім міжурадавым саветам дарожнай карты па ліквідацыі выключэнняў і абмежаванняў на 2018—2019 гады.

Пра гэта ў дакладзе аб працы па выяўленні і ліквідацыі бар`ераў, выключэнняў і абмежаванняў на ўнутраным рынку Еўразійскага эканамічнага саюза (ЕАЭС) за 2017 год паведаміла міністр па ўнутраных рынках, інфарматызацыі, інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогіях Еўразійскай эканамічнай камісіі (ЕЭК) Карынэ Мінасян на савеце ЕЭК 19 снежня.

"Паводле нашых ацэнак, сукупны станоўчы эфект ад ліквідацыі 17 перашкод, уключаных у дарожную карту, вар`юецца ад 1,5 да 2% аб`ёму ўзаемнага гандлю ў 2016 годзе, гэта значыць 600—800 млн долараў ЗША", — цытуе міністра прэс-служба ЕЭК.

Як адзначыла Мінасян, у 2017 годзе быў зафіксаваны 161 зварот па пытаннях функцыянавання ўнутранага рынку. 48 з іх паступілі праз інфармацыйны партал barriers.eaeunion.org.

Больш за ўсё зваротаў — прыблізна 49% — паступіла з Расійскай Федэрацыі, на другім месцы Беларусь (25,5%). Далей ідуць Арменія (10,5%), Казахстан (9,4%) і Кыргызстан (5,6%). Найбольшая колькасць пытанняў і лістоў звязаныя з тэхнічным і мытным рэгуляваннем, транспартнай палітыкай.

"Актыўная праца камісіі па забеспячэнні рэалізацыі чатырох свабод спрыяла ліквідацыі краінамі саюза дзесяці бар`ераў і прыняццю трох рашэнняў калегіі камісіі аб неабходнасці выканання ўзятых абавязацельстваў у межах функцыянавання ўнутранага рынку ЕАЭС", — адзначыла Мінасян.

Камісія разлічвае, што яшчэ 20 перашкод будуць ліквідаваныя з моманту набыцця моцы асобнымі палажэннямі нарматыўных прававых актаў, якія ўваходзяць у права саюза, а таксама за кошт падрыхтоўкі і падпісання адпаведных міжнародных дагавораў.

На думку Мінасян, асаблівую актуальнасць сёння маюць пытанні надзялення камісіі дадатковымі функцыямі ў частцы кантролю за выкананнем узятых на сябе дзяржавамі-членамі абавязацельстваў у межах функцыянавання ўнутранага рынку, а таксама пашырэння паўнамоцтваў камісіі па звароце ў суд саюза ў выпадку невыканання краінамі ЕАЭС міжнародных дагавораў і рашэнняў органаў ЕАЭС.

Прынятыя рашэнні аб нанясенні на ўпакоўкі харчовых прадуктаў знака ГМА, абнуленні ставак мытных пошлін на асобныя віды рыбы і рыбнага філе, правядзенні маніторынгу сістэмаўтваральных прадпрыемстваў краін саюза, змяншэнні памеру мытнай пошліны за перавышэнне нормаў бяспошліннага ўвозу тавараў для асабістага карыстання і г. д.

Марына Носава, БелаПАН
Мінск, 21 снежня 2017

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-414/13/41763
Текущая дата: 23.12.2024