Белорусский портал в Казахстане

Прэм`ер-міністры краін ЕАЭС даручылі ЕЭК выбудоўваць дыялог з Кітаем і ЕС



Аб гэтым паведаміў старшыня Калегіі ЕЭК Тыгран Саркісян па выніках праведзенага 13 красавіка ў Маскве пасяджэння Еўразійскага міжурадавага савета.

Прэм`ер-міністры краін Еўразійскага эканамічнага саюза даручылі Еўразійскай эканамічнай камісіі выбудоўваць дыялог з Кітаем і Еўрасаюзам. 

"На пасяджэнні былі вызначаны дакладныя рамкі для ЕЭК у тым, як працаваць з Еўрасаюзам і як будаваць дыялог з КНР", - сказаў Тыгран Саркісян. Пры гэтым ён адзначыў, што казахстанскі бок у якасці старшыні ў ЕАЭС вызначыў адным з прыярытэтаў у гэтым годзе інтэнсіфікацыю работы ЕАЭС з трэцімі краінамі.

Старшыня Калегіі паведаміў, што кіраўнікі ўрадаў прынялі шэраг рашэнняў, якія датычацца правядзення ўзгодненай прамысловай палітыкі. У прыватнасці, зацверджана палажэнне аб фарміраванні і функцыянаванні еўразійскіх тэхналагічных платформ.

Тыгран Саркісян адзначыў таксама, што прэм`ер-міністры дамовіліся прадоўжыць на наступным пасяджэнні міжурадавага савета, якое пройдзе ў маі ў Ерэване, абмеркаванне праекта канцэпцыі агульнага рынку нафты і нафтапрадуктаў. Там жа будзе прадоўжаны разгляд пытанняў, звязаных з чыгуначнымі перавозкамі.

Акрамя таго, падкрэсліў старшыня Калегіі ЕЭК, кіраўнікі ўрадаў краін ЕАЭС дамовіліся, што будуць праводзіць свае сустрэчы часцей.

13 красавіка 2016, Масква
Эдуард Півавар - БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-414/16/35191
Текущая дата: 22.05.2024