Белорусский портал в Казахстане

Беларусь панізіла экспартныя пошліны на нафту і нафтапрадукты



Гэта прадугледжана пастановай урада ад 28 красавіка 2015 года, апублікаванай на Нацыянальным прававым партале.

Беларусь з 1 мая знізіла экспартныя пошліны на нафту і нафтапрадукты, што вывозяцца за межы мытнай тэрыторыі Еўразійскага эканамічнага саюза.

Стаўка экспартнай пошліны на сырую нафту зніжаная з 130,8 да 116,5 долара за тону; пошліна на прамагонны бензін — з 111,1 да 99 долараў, на таварныя бензіны — са 102 да 90,8 долара. Пошліна на лёгкія, сярэднія дыстыляты складзе 55,9 долара за тону (раней — 62,7 долара); такая ж стаўка пошліны ўстаноўленая і ў дачыненні да дызельнага паліва, бензолу, талуолу, ксілолаў, змазачных і іншых маслаў.

Вышэйзгаданыя стаўкі ўстанаўліваюцца ў памерах, роўных стаўкам, што ўведзеныя ў Расіі.

У межах дагавораў аб Мытным саюзе і Адзінай эканамічнай прасторы Расія пастаўляе ў Беларусь нафту і нафтапрадукты без экспартных пошлін. Пошліны выплачваюцца ў расійскі дзяржбюджэт пры ажыццяўленні Беларуссю рээкспарту гэтых тавараў за межы МС або экспарту нафтапрадуктаў, выпрацаваных з расійскай нафты. Памеры экспартных пошлін на нафту і нафтапрадукты ўстанаўліваюцца ўзгоднена ўрадамі дзвюх краін.

Марына Носава, БелаПАН
Мінск, 1 мая 2015

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-414/20/30768
Текущая дата: 18.05.2024