Белорусский портал в Казахстане

Кожнаму з членаў Еўразійскага эканамічнага саюза (ЕАЭС) неабходна будзе шмат працаваць для пераадолення розных крызісаў на шляху інтэграцыі



Аб гэтым заявіў прэзідэнт Казахстана Нурсултан Назарбаеў па выніках пасяджэння Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў у Астане, паведамляе агенцтва Казинформ.

"Інтэграцыя сама па сабе не гарантуе ідэальнага жыцця, манны нябеснай. Кожнай з дзяржаў прыйдзецца працаваць. Будуць новыя выклікі, новыя задачы, прасяданні эканомікі. Можа быць, не такімі тэмпамі будзе развівацца ўзаемны гандаль. Гэта зразумела, мы выбралі люфт, якім раней не карысталіся. Зараз карыстаемся. Але гэта ні ў якім разе не павінна выклікаць нейкіх іншых рэакцый, акрамя як рухацца наперад. Мы павінны быць гатовыя разам вырашаць любыя пытанні, агульнымі намаганнямі пераадольваць усе крызісы", — сказаў Назарбаеў.

Ён таксама адзначыў: "Еўразійскі эканамічны саюз мы бачым адкрытай эканамічнай супольнасцю, арганічна ўключанай у глабальныя сувязі як надзейны мост паміж Еўропай і Азіяй, якая расце".

Прэзідэнт Казахстана падкрэсліў, што ЕАЭС — гэта адзін з найбуйнейшых спажывецкіх рынкаў планеты. "На долю краін — удзельніц ЕАЭС прыпадае каля чвэрці ўсіх разведаных у свеце карысных выкапняў коштам да 40 трыльёнаў долараў. Гэта найбуйнейшы ў свеце экспарцёр энергарэсурсаў і харчовай пшаніцы. ЕАЭС поўнасцю забяспечвае сябе харчаваннем, мае ўсе неабходныя камунікацыі ўнутры агульнага рынку і з іншымі краінамі, самадастатковы па ключавых рэсурсах, якія гарантуюць незалежнасць дзяржаў", — адзначыў Назарбаеў.

Ён прапанаваў парламентам трох краін ратыфікаваць дагавор аб стварэнні ЕАЭС адначасова: "У нас ёсць вопыт адначасовай ратыфікацыі ў парламентах. Я думаю, што мы папросім нашых дэпутатаў, каб гэта адбылося. Мы ім дапаможам падрыхтаваць усе дакументы".

Назарбаеў таксама прапанаваў абвясціць 29 мая Днём еўразійскай інтэграцыі: "Сёння ў народаў Казахстана, Беларусі і Расіі знамянальны дзень. Еўразійскі эканамічны саюз — гэта новы трывалы механізм вечнай дружбы, узаемадзеяння, добрасуседства нашых краін. Я лічу, што дзень 29 мая годны таго, каб увайсці ў календары і памятныя даты нашых краін як Дзень еўразійскай інтэграцыі".

Арцём Шрайбман, БелаПАН
Мінск, 29 траўня 2014

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-414/25/26165
Текущая дата: 24.11.2024