Звыш 2,7 тыс. прадстаўнікоў органаў улады, бізнес-супольнасці, міжнародных арганізацый, СМІ больш як з 50 краін стануць удзельнікамі II Еўразійскага эканамічнага форуму, які пройдзе ў Маскве 24-25 мая. Аб гэтым паведамілі ў прэс-службе Еўразійскай эканамічнай камісіі.
Мерапрыемства пройдзе пад дэвізам "Еўразійская інтэграцыя ў шматпалярным свеце". "Еўразійскі эканамічны форум у Маскве - першае з ключавых мерапрыемстваў ЕАЭС 2023 года, якое праходзіць пад старшынствам Расіі ў саюзе. Упэўнены, ён стане добрай пляцоўкай для ўсебаковага абмеркавання ключавых задач ЕАЭС па распрацоўцы стратэгіі будучага ўзаемадзеяння нашых краін, развіцця гандлю, фармавання адзінага рынку, лічбавізацыі і супрацоўніцтва з іншымі аб`яднаннямі", - заявіў старшыня Калегіі ЕЭК Міхаіл Мясніковіч.
Цэнтральным мерапрыемствам форуму стане пленарнае пасяджэнне з удзелам кіраўнікоў дзяржаў ЕАЭС. Адна з ключавых дыскусій на форуме пройдзе ў рамках сесіі стратэгічнага блока "Прыярытэты ЕАЭС 2030+", галоўная тэма якой - падрыхтоўка новых дакументаў доўгатэрміновага планавання і вызначэнне асноўных вектараў інтэграцыйнага ўзаемадзеяння на перыяд да 2030 і 2045 гадоў. Чакаецца, што ўдзельнікамі гэтай сесіі стануць віцэ-прэм`ер Беларусі Ігар Петрышэнка, намеснік старшыні ўрада Расіі Аляксей Авярчук, першы намеснік старшыні Кабінета Міністраў Кыргызстана Адылбек Касымаліеў, старшыня Калегіі ЕЭК Міхаіл Мясніковіч.
Усяго ж у рамках форуму адбудзецца 35 дзелавых сесій, якія будуць падзелены на сем тэматычных напрамкаў: "Чалавечы капітал", "Тэхналогіі і кааперацыя", "ЕАЭС у зменлівым свеце", "Еўразійская спалучанасць", а таксама "Унутраны рынак ЕАЭС, мытнае супрацоўніцтва, канкурэнцыя і дзяржаўныя закупкі", "Стратэгічны блок" і блок Дзелавога савета ЕАЭС.
Плануецца, што ад Беларусі ў дыскусіях прымуць удзел міністр энергетыкі Віктар Каранкевіч, міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч, міністр адукацыі Андрэй Іванец, прадстаўнікі міністэрстваў прамысловасці, эканомікі, сельскай гаспадаркі і харчавання, аховы здароўя, антыманапольнага рэгулявання і гандлю, сувязі і інфарматызацыі, Нацбанка, НАН, Камітэта дзяржаўнага кантролю, іншых ведамстваў, а таксама бізнес-супольнасці, грамадскіх арганізацый і ВНУ.
БЕЛТА выступае інфармацыйным партнёрам II Еўразійскага эканамічнага форуму.
24 мая 2023, Масква
Эдуард Півавар - БЕЛТА
24 мая 2023, Масква
Эдуард Півавар - БЕЛТА
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-414/3/69521
Текущая дата: 22.11.2024