Белорусский портал в Казахстане

ЕЭК прыняла рэкамендацыю па развіцці ў ЕАЭС кааперацыі ў авіябудаванні



Калегія еўразійскай эканамічнай камісіі прыняла рэкамендацыю па развіцці ў Еўразійскім эканамічным саюзе кааперацыі ў авіябудаванні, паведамілі ў прэс-службе ЕЭК.

Дакументам вызначаны асноўныя напрамкі ўзаемадзеяння. "Размова ідзе аб вытворчасці авіяцыйнай тэхнікі, камплектуючых і спадарожнай прадукцыі ў саюзных дзяржавах з улікам прыярытэтных напрамкаў развіцця нацыянальных эканомік у мэтах імпартазамяшчэння і забеспячэння эканамічнай і тэхналагічнай бяспекі краін ЕАЭС, - растлумачылі ў ЕЭК. - Рэкамендавана ўключаць у кааперацыйныя ланцужкі вытворцаў дзяржаў саюза для сумеснага вырабу інавацыйных, перспектыўных і высокатэхналагічных тавараў".

"Знакавая частка дакумента - адзіны пералік прамысловых прадпрыемстваў краін Еўразійскага эканамічнага саюза, гатовых удзельнічаць у рэалізацыі сумесных кааперацыйных праектаў у грамадзянскім авіябудаванні, - пракаменціраваў рашэнне член Калегіі (міністр) па прамысловасці і аграпрамысловым комплексе ЕЭК Артак Камалян. - Пералік сфарміраваны на аснове даных, прадастаўленых упаўнаважанымі органамі дзяржаў саюза аб таварах, што вырабляюцца прадпрыемствамі, а таксама рэквізітаў і кантактнай інфармацыі кампаній. Гэты дакумент можа стаць каталізатарам для рэалізацыі сумесных кааперацыйных праектаў, а таксама дапамагчы стварэнню ў саюзе ланцужкоў дабаўленай вартасці".

Адзіны пералік будзе апублікаваны на афіцыйным сайце Еўразійскага эканамічнага саюза. Дакумент будзе пастаянна дапаўняцца.

Калегія ЕЭК таксама адобрыла і накіравала на разгляд у вышэйшыя органы саюза ўзгоднены з бакамі праект плана мерапрыемстваў (дарожнай карты) па пашырэнні прамысловага супрацоўніцтва ў галіне грамадзянскага авіябудавання ў краінах ЕАЭС на 2021-2025 гады. "Дарожная карта прадугледжвае фармаванне еўразійскай тэхналагічнай платформы "Грамадзянскае авіябудаванне", вырашэнне пытанняў фінансавання праектаў і развіцця акадэмічнай мабільнасці, удасканаленне нарматыўна-прававой базы дзяржаў ЕАЭС у гэтай галіне, правядзенне вялікай аналітычнай работы. Ключавая задача - фармаванне ў ЕАЭС кааперацыйных ланцужкоў прадпрыемстваў - вытворцаў авіякампанентаў", - адзначылі ў ЕЭК.

Вышэйшы Еўразійскі эканамічны савет у снежні 2020 года паставіў задачу пашырыць прамысловую кааперацыю дзяржаў ЕАЭС у галіне авіябудавання і стварыць камісію па імпартазамяшчэнні ў высокатэхналагічных галінах прамысловасці, уключаючы авіяцыйную прамысловасць.

10 лістапада 2021, Масква
Эдуард Півавар - БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-414/6/61427
Текущая дата: 23.12.2024