Белорусский портал в Казахстане

Румас і Мішусцін абмеркавалі гатоўнасць да падпісання пагаднення аб змяненні працэнтаў па крэдыце на БелАЭС



Аб гэтым паведамілі ў прэс-службе беларускага ўрада.

Прэм`ер-міністр Беларусі Сяргей Румас і старшыня ўрада РФ Міхаіл Мішусцін у тэлефоннай размове абмеркавалі ход будаўніцтва Беларускай АЭС і гатоўнасць да падпісання міжурадавага пагаднення аб змяненні працэнтнай стаўкі па крэдыце на будаўніцтва атамнай электрастанцыі.

Бакі абмеркавалі бягучую эпідэміялагічную сітуацыю ў свеце і абмяняліся думкамі адносна мер, якія прымаюцца ў дзвюх краінах для папярэджання распаўсюджвання COVID-19. Дамовіліся, што міністэрствы аховы здароўя Беларусі і Расіі будуць абменьвацца досведам у барацьбе з новай каранавіруснай інфекцыяй.

Сяргей Румас і Міхаіл Мішусцін закранулі газавую тэматыку. Міністрам энергетыкі дзвюх краін будзе дадзена даручэнне прадоўжыць перагаворы па пытанні цэнаўтварэння на газ для Беларусі.

Кіраўнікі ўрадаў закранулі інтэграцыйны парадак дня. У прыватнасці, чарговае пасяджэнне Еўразійскага міжурадавага савета прапанавана правесці ў сярэдзіне ліпеня 2020 года ў Мінску.

Бакі таксама абмеркавалі парадак дня пасяджэння Савета Міністраў Саюзнай дзяржавы і дамовіліся аб яго правядзенні ў Мінску пасля пасяджэння Еўразійскага міжурадавага савета.

У час размовы закраналіся і іншыя пытанні двухбаковага ўзаемадзеяння.

"Сяргей Румас выказаў удзячнасць свайму расійскаму калегу за аператыўнае вырашэнне пытання аб павелічэнні паставак грэцкіх круп у Беларусь у перыяд павышанага попыту", - адзначылі ў прэс-службе.

27 мая 2020, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-414/7/53747
Текущая дата: 23.12.2024