Белорусский портал в Казахстане

Міністэрства гандлю і інтэграцыі Казахстана гатова садзейнічаць прыцягненню казахстанскіх кампаній на біржавыя таргі Беларускай універсальнай таварнай біржы



Такая заява прагучала ў час візіту дэлегацыі на чале з віцэ-міністрам гандлю і інтэграцыі Кайратам Тарэбаевым у цэнтральным офісе БУТБ, паведаміў прэс-сакратар біржы Раман Яніў.

"Мы прыехалі сюды ў мэтах выканання даручэння кіраўніка дзяржавы з мэтай пошуку шляхоў павышэння тавараабароту з Беларуссю. Адным з такіх напрамкаў з`яўляецца біржавы гандаль. Нам вельмі імпануе, што ў Беларусі дзейнічае толькі адна таварная біржа, а не мноства біржавых пляцовак, як у Казахстане. Такім чынам, прымяняецца прынцып "аднаго акна", калі не трэба траціць рэсурсы на пошук дзелавых партнёраў, таму што ўсе буйнейшыя прадпрыемствы ўжо прадстаўлены на біржы", - сказаў Кайрат Тарэбаеў.

Вялікім плюсам біржавой пляцоўкі віцэ-міністр лічыць таксама тое, што яна кантралюе выкананне абавязацельстваў па здзелках, гэта значыць знешнегандлёвыя рызыкі для контрагентаў зводзяцца да мінімуму. "У сувязі з гэтым мы гатовы аказаць садзейнічанне ў прыцягненні казахстанскіх кампаній на біржавыя таргі. Упэўнены, ёсць нямала тавараў, якія казахстанскія суб`екты гаспадарання маглі б прадаваць або закупляць у Беларусі, выкарыстоўваючы біржавы механізм", - заявіў ён.

Старшыня праўлення БУТБ Аляксандр Асмалоўскі адзначыў, што біржа створана дзяржавай і дзейнічае перш за ўсё ў яе інтарэсах, забяспечваючы эфектыўную платформу для пашырэння экспарту беларускіх тавараў.

"Адна з ключавых задач біржы - дапамагаць айчынным прадпрыемствам дыверсіфікаваць рынкі збыту і эфектыўна прадаваць сваю прадукцыю. Таму, акрамя арганізацыі і правядзення біржавых таргоў, мы, па сутнасці, бяром на сябе шэраг маркетынгавых функцый, такіх як аналіз рынку, пошук контрагентаў, рэклама беларускіх тавараў за мяжой, - звярнуў увагу ён. - Разам з тым біржа таксама садзейнічае ўстараненню неабгрунтаванага пасрэдніцтва пры імпарце замежнай прадукцыі, дазваляючы набываць яе непасрэдна ў вытворцаў. Напрыклад, беларускім кампаніям было б цікава купляць казахстанскі вугаль і метал, а казахстанскім - беларускія піламатэрыялы і прадукты харчавання. Іншымі словамі, карысць ад работы праз біржу могуць атрымаць абодва бакі".

Па выніках сустрэчы дасягнута дамоўленасць аб выпрацоўцы сумесных мер па ўключэнні ў біржавы гандаль на БУТБ казахстанскіх кампаній, у тым ліку па рэалізуемай у Казахстане праграме акселерацыі экспарту. У якасці першага кроку ў такім напрамку 3 сакавіка на БУТБ прайшлі перагаворы з дэлегацыяй казахстанскіх дзелавых колаў. Абмяркоўваліся запатрабаваныя на рынках дзвюх краін таварныя пазіцыі, гандаль якімі мэтазгодна перавесці на біржавую пляцоўку. Казахстанскіх бізнесменаў, у прыватнасці, зацікавіла магчымасць закупкі прадукцыі неарганічнай хіміі, а таксама абсталявання і камплектуючых у секцыі прамысловых і спажывецкіх тавараў БУТБ. На думку казахстанскага боку, тое, што таргі ў гэтай секцыі праходзяць у кругласутачным рэжыме, робіць яе найбольш зручным інструментам для пачатку работы на біржы.

ААТ "Беларуская ўніверсальная таварная біржа" створана ў 2004 годзе. Першыя таргі адбыліся ў чэрвені 2005 года. БУТБ - адна з буйнейшых таварных біржаў ва Усходняй Еўропе, галоўнай функцыяй якой з`яўляецца аказанне садзейнічання беларускім прадпрыемствам па экспарце прадукцыі і прадастаўленне дапамогі замежным кампаніям па выхадзе на беларускі рынак. На біржы прадаюцца метала-, леса-, сельгаспрадукцыя, прамысловыя і спажывецкія тавары шырокай наменклатуры.

3 сакавіка 2020, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-414/8/51929
Текущая дата: 23.11.2024