Белорусский портал в Казахстане

Вандроўка на зямлю продкаў



З семярых артыстаў Народнага моладзевага вакальнага ансамбля “Надзея” з казахстанскага Паўладара, што ўдзельнічаў сёлета ў трэцім Фэсце мастацтваў беларусаў свету, пяцёра пабывалі ў Беларусі ўпершыню.

Кіраўніца гурту Таццяна Пучок і адзін з салістаў Іван Нечапурэнка прыязджалі да нас і тры гады таму, на папярэдні фэст. У Казахстан у сярэдзіне мінулага стагоддзя пераехалі жыць яшчэ дзядулі-бабулі маладых спевакоў. Вядома, што ў 50-60-х поўным ходам ішло асваенне цалінных зямель. І хоць у некаторых сёлетніх гасцей з Паўладара ёсць родныя ў Беларусі, але сувязі з імі падтрымліваюцца пераважна віртуальныя: скайп, электронныя пісьмы, тэлефон.
Народны моладзевы вакальны ансамбль “Надзея” ў Мінску, ля Траецкага прадмесця
У знятым жа артыстамі фільме пра падарожжа ў Беларусь юнакі не хаваюць сваіх пачуццяў: рады сустрэчы з зямлёй прадзедаў.



Вось, ідучы па праспекце Незалежнасці ў Мінску, называюць беларускую сталіцу прыгожай і велізарнай. Максім Смакоцін ды Яўген Трыстан увогуле не супраць застацца жыць тут. А Каця Сімікіна задумваецца: ці не паступіць ёй пасля школы ў які-небудзь беларускі ўніверсітэт.

Сёлетняя вандроўка ў Беларусь для іх з Паўладара пачалася... з выступлення ў нацыянальным павільёне на выставе “ЭКСПА-2017” у Астане. І публіка, бачна тое па кадрах фільма, іх цёпла прымала.

Некаторыя нават пыталі: ці не знакамітыя беларускія “Харошкі” выступаюць? Ансамбль “Надзея” тройчы радаваў гледачоў спевамі ды танцамі на грандыёзнай сусветнай экспазіцыі — і штораз паспяхова.

“Мне не сорамна за калектыў, што прыехаў на трэці Фэст мастацтваў беларусаў свету, — казала мне ў час святочных дзеяў кіраўніца суполкі “Беларусь” Любоў Богнат. — І хоць усе маладыя артысты з ансамбля “Надзея” нарадзіліся ў Казахстане, гэта — сапраўдныя, шчырыя беларусы. Кажучы словамі з гімна, яны “сэрцам адданыя роднай зямлі”. Хлопцы і дзяўчаты ў нашай суполцы вывучаюць мову, прыгожа чытаюць вершы Якуба Коласа, Янкі Купалы... А як хваляваліся перад сустрэчай з зямлёй продкаў!..”

Відаць, таму, што сустрэча з Бацькаўшчынай была сапраўды доўгачаканай, здымалі госці на камеру амаль кожны свой крок: едуць у аўтобусе ў гасцініцу, засяляюцца... Пасля — выступленні “Надзеі” ў Белдзяржфілармоніі ды Верхнім горадзе, каля Ратушы. Паездка на Магілёўшчыну, Бабруйск, Нясвіж, непаўторныя краявіды Лагойшчыны і, канешне, прагулка па Мінску — усё гэта ёсць у фільме.

А Любоў Богнат падзялілася са мною навіной: “Нядаўна гурту “Надзея” было нададзена званне народнага. Адпаведны дакумент за подпісам Міністра культуры Казахстана — у нашым офісе на ганаровым месцы. Гурт цалкам абнавіў рэпертуар. Вялікую праграму, на паўтары гадзіны, мы прадставілі ў Беларусі”. Прычым моцная ў ёй інструментальная частка. Гармонік, балалайку, флейту, мандаліну музыкі прывезлі з сабой. А энергетыка ў калектыву такая, што, як кажуць, дух захоплівае!

Дарэчы, у сям’і спевака Івана Нечапурэнкі повязі з Беларуссю не толькі крэўныя, але й творчыя. У 1992-м Народны вакальна-інструментальны ансамбль “Арфей” з Паўладара, кіраваў якім Віктар Баланюк (дзядуля Івана!), заняў першае месца на Міжнародным фестывалі “Славянскі базар у Віцебску”. А цяпер традыцыі культурных, сяброўскіх сувязяў паміж дзвюма краінамі прадаўжае ўнук.

Кацярына Мядзведская
Голас Радзімы № 48 (3552), 21 снежня 2017 

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/11-/1/41701
Текущая дата: 22.07.2018