Белорусский портал в Казахстане

Нацыянальная экспазіцыя Беларусі прадстаўлена на Франкфурцкім кніжным кірмашы



Аб гэтым паведамілі ў Міністэрстве інфармацыі.

Нацыянальная экспазіцыя "Кнігі Беларусі" прадстаўлена на міжнародным кніжным кірмашы Frankfurter Buchmesse, што праходзіць у Франкфурце-на-Майне ў Германіі 10-14 кастрычніка.

"Гэта самая важная выстаўка друкаваных, медыя- і перыядычных выданняў. Нідзе ў свеце выдавецкая і медыяіндустрыя не праяўляе сябе больш разнастайна, чым на працягу гэтых дзён кастрычніка. На кніжным форуме працуе нацыянальная экспазіцыя Беларусі, у якую ўвайшлі лепшыя выданні 2017-2018 гадоў выпуску. Гэта дае магчымасць шырока прадставіць айчынную галіну кнігавыдання і кнігараспаўсюджвання, правесці плённыя перагаворы па папулярызацыі беларускай кнігі на замежных рынках і прыцягнуць патэнцыяльных заказчыкаў паліграфічных паслуг. Акрамя таго, беларуская дэлегацыя прыме ўдзел ва ўсіх афіцыйных мерапрыемствах кірмашу", - расказалі ў міністэрстве.

Асноўная задача форуму - садзейнічанне культурнаму абмену і супрацоўніцтву паміж выдавецтвамі розных краін, пашырэнне дзелавых кантактаў, дэманстрацыя розных тэхналагічных навінак выдавецкага бізнесу.

Мэтавая аўдыторыя кірмашу - выдаўцы, пісьменнікі, перакладчыкі, ілюстратары, прадстаўнікі бібліятэк. З 1976 года адна з краін атрымлівае на кніжным кірмашы статус пачэснага госця і становіцца галоўнай удзельніцай праекта. Мэта гэтага фармату - азнаёміць шырокае кола чытачоў і прафесіяналаў з літаратурай канкрэтнай краіны, прыцягнуць да яе ўвагу перакладчыкаў.

На гэты раз пачэсным госцем з`яўляецца Грузія. Міжнародны кніжны кірмаш Frankfurter Buchmesse праводзіцца штогод у кастрычніку ў адным з буйнейшых у свеце выставачным комплексе Messe Frankfurt. Штогод удзельнікамі форуму становяцца прадстаўнікі амаль 100 краін. Колькасць выдавецтваў, якія выстаўляюць сваю прадукцыю, перасягае 7 тыс.

Праект наведваюць больш за 280 тыс. чалавек, на палях форуму праводзіцца больш за 3 тыс. тэматычных мерапрыемстваў - гэта семінары, круглыя сталы, канцэрты, сустрэчы з пісьменнікамі і інш. Арганізатар праекта - Frankfurter Buchmesse GmbH, даччынае прадпрыемства Саюза кнігагандлёўцаў Германіі.

10 кастрычніка 2018, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/11-/10/45278
Текущая дата: 27.12.2024