Белорусский портал в Казахстане

Год беларускай культуры на Сардзініі адзначаць канцэртамі, выставамі і кінапаказамі



Аб гэтым паведаміў ганаровы консул Беларусі ў Кальяры Джузэпэ Карбоні.

У італьянскім горадзе Кальяры 7-8 студзеня стартуюць мерапрыемствы, прысвечаныя Году беларускай культуры на Сардзініі.

У тэатры Масіма 7 студзеня пройдзе "Шоу пясчаных карцін" беларускага мастака, ураджэнца Гомеля Юрыя Пташынскага. На наступны дзень у тэатры Аўдыторыум Камунале адбудзецца канцэрт салісткі Брэсцкай абласной філармоніі Жанны Верса ў суправаджэнні ансамбля "Рапсодыя".

"Беручы пад увагу шматлікую дыяспару рускамоўных на востраве Сардзінія, можна сказаць, што выступленне артыстаў Брэсцкай філармоніі стане сапраўдным калядным падарункам да праваслаўных свят", - упэўнены ў консульстве.

Мерапрыемствы, прысвечаныя беларускай культуры, будуць праходзіць на Сардзініі на працягу ўсяго 2017 года. Сярод іх літаратурныя сустрэчы з беларускімі пісьменнікамі, канцэрты ансамбля народнай музыкі "Рагнеда" Заслаўскага ГДК, фотавыставы і выстава нацыянальнага рамяства, удзел беларускага хору ў Міжнародным фестывалі харавых спеваў духоўнай музыкі "Каледж Каларытанум" і беларускай фальклорнай групы ў Міжнародным фальклорным фестывалі Сардзініі, прэзентацыя мастацкіх фільмаў беларускіх аўтараў. Акрамя таго, пры садзейнічанні мастацкай галерэі "Універсітэт культуры" адбудзецца ўнікальная падзея: беларускі музыказнавец падорыць валынку аўтарскай рэканструкцыі сардзінскаму музею музычных інструментаў, а італьянскія майстры перададуць некалькі старажытных сардзінскіх духавых інструментаў беларускаму боку.

Па традыцыі ў Мінску таксама пройдзе шэраг мерапрыемстваў, прысвечаных культуры гэтага італьянскага рэгіёна.

5 студзеня 2017, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/11-/13/38351
Текущая дата: 27.12.2024