Белорусский портал в Казахстане

«Беларуская мова ў рэкляме не павінна быць цудам» — пачаўся фэстываль беларускамоўнай бізнэс-камунікацыі AD.NAK!



З 5 траўня да 10 чэрвеня будуць прымаць працы ад удзельнікаў фэстывалю беларускамоўнай рэклямы і камунікацыі aDNaK!

Прыём працаў на Шосты AD.NAK! працягнуты да 8 чэрвеня ўключна

Цырымонія ўзнагароджаньня пройдзе 30 чэрвеня ў Менску.

Кожны год Фэстываль традыцыйна прапаноўвае новую ідэю, зьвяртаючы ўвагу грамадзкасьці і прафэсійнай супольнасьці на актуальныя пытаньні ў сфэры камунікацыі і рэклямы.

Ідэя сёлетняга сёмага фэсту сфармуляваная так: «аDNаK — ген беларускага крэатыву».

«Фэстываль дазваляе рухацца наперад ня толькі бізнэс-сфэры — рэклямістам і замоўцам рэклямы. Гэта і тая пляцоўка, якая дазваляе злучаць у жыцьці досыць ізаляваныя сфэры — грамадзкую актыўнасьць, культурніцкія ініцыятывы і бізнэс-асяродзьдзе. Мэты фэстывалю не мяняюцца. Мы па-ранейшаму імкнёмся зрабіць камунікацыю па-беларуску ў сфэры бізнэсу ўстойлівай. Каб яна не была цікавосткай, цудам, дзівам — а натуральнай зьявай. Разам з тым мы хочам натхняць рэклямістаў шукаць у нашай гісторыі, у нашых традыцыях нейкія цікавосткі, якія дапамогуць ствараць крэатыўныя ідэі. У нашых спажыўцоў рэкляма па-беларуску заўсёды выклікае станоўчыя эмоцыі — пра гэта сьведчаць дасьледаваньні. Рэкляма па-беларуску — гэта натуральна для нас», — адзначыла сустаршыня аргкамітэту фэстывалю Ніна Шыдлоўская.

Яна падкрэсьліла, што фэстываль — сацыяльна значная зьява, таму ўдзел у ім застаецца бясплатным.

Сёлета падаваць працы можна ў наступных намінацыях: «Тэлевізійная і кінарэкляма», «Прынт», «Этыкетка і ўпакоўка», «Вонкавая рэкляма», «Аўдыёрэкляма», «Інтэрактыўная рэкляма і дызайн», «Мэдыяпраекты», «PR, прома, event- і dm-праекты», «Рэклямныя кампаніі», «Інавацыі», «Сацыяльная рэкляма», «Грамадзка значныя праекты», «Беларуска-арыентаваны рэклямны і камунікацыйны праект», «Антыпрэмія «Каша Сувораўская», «Конкурс нерэалізаваных праектаў».

Ніна Шыдлоўская адзначыла, што антыпрэмія «Каша Сувораўская» за 7 год існаваньня конкурсу, на жаль, ня страціла сваёй актуальнасьці:

«У гэтай намінацыі могуць удзельнічаць ня толькі спэцыялісты, але і любыя асобы, якія заўважылі ў рэкляме неадпаведнасьць нашай гісторыі і традыцыям. Нагадаю, гэтая антыпрэмія прысуджаецца тым, хто дэманструе непрафэсійны падыход да стварэньня рэклямы. Часам гэта бывае ў саркастычным рэчышчы, але здараецца, што наносіць сапраўдную абразу нашаму народу».

Арганізатары адзначылі тэндэнцыю выкарыстоўваць традыцыйныя арнамэнты пры стварэньні рэклямнага прадукту. Але дадалі, што маюць і перасьцярогі:

«Гэта цудоўная хваля — усе традыцыйныя арнамэнты зьяўляюцца ня толькі ў культурніцкіх прадуктах, але і ў бізнэс-праектах. Але мы б хацелі зьвярнуць увагу на тое, што ня варта асацыяваць беларускія арнамэнты выключна зь вясковасьцю. Іх трэба браць, пераасэнсоўваць і рэалізоўваць у сучасным крэатыўным выглядзе. Вельмі важна, каб увага грамадзкасьці, якая цяпер пачынае ўмацоўвацца, не была кароткачасовая».

Вячаслаў Сьмірноў, кіраўнік аддзелу карпаратыўнай камунікацыі Velcom, кампаніі, якая ўжо трэці год запар выступае як афіцыйны генэральны партнэр фэстывалю AD.NAK! і якая адна зь першых у краіне пачала здымаць беларускамоўныя прома-ролікі, сказаў, што гэты фэстываль — ня толькі рэкляма, але і камунікацыя:

«Вялікае значэньне маюць сацыяльныя кампаніі. Праект „Чытаем па-беларуску з Velcom“ сёлета ўжо быў прызнаным адным зь лепшых. Увогуле магу адзначыць, што бізнэс пачынае масава ўжываць беларускую мову. І гэта вельмі добра. Але гэта ня толькі падтрымка беларускай мовы і культуры. Бізнэс робіць гэта таму, што гэта выгадна».

Аляксей Чарняўскі, вядучы капірайтэр крэатыўнага агенцтва AIDA Pioneer, якое распрацавала фірмовы стыль сёлетняга фэстывалю, сказаў:

«Ідэя сёлетняга сёмага AD.NAK! — „аDNаK — ген беларускага крэатыву“. Што гэта значыць? Гэта тое, што ёсьць унутры кожнага беларуса, і тое, што намагаецца данесьці да нас гэты фэстываль. Рабіце камунікацыю па-беларуску — і будзе вам шмат плюсаў. Калі мы робім нешта па-беларуску, гэта дае нам адметнасьць, і мы становімся больш зразумелымі. Мы, а таксама нашы брэнды, жывем у беларускай рэчаіснасьці. І калі яны будуць размаўляць па-беларуску, яны будуць больш даступнымі».

Некаторыя леташнія ляўрэаты:




Радыё Свабода
5 траўня 2016, Менск 

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/11-/16/35422
Текущая дата: 28.12.2024