Таварыства беларускай мовы імя Францыска Скарыны адкрыла ў Гомелі гурток беларускай мовы для дашкольнікаў і школьнікаў.
Першыя заняткі ў «Мове дзяцей» прайшлі 2 красавіка.
Навучанне арганізавана ў для трох групах — для дзяцей узростам 3-4 гады, 5-6 і школьнікаў 8-12 гадоў. На занятках дзеці ў гульнявой форме бавяць час па-беларуску. Малодшыя школьнікі акрамя гульняў атрымліваюць веды па гісторыі, мове і культуры Беларусі. Заняткі будуць праходзіць кожную суботу.
«ТБМ не першы год змагаецца за стварэнне беларускамоўнай групы ў Гомелі, разам з гэтым мы хочам даць дзецям і іх бацькам магчымасць не чакаць з’яўлення групы, а ўжо зараз вывучаць беларускую мову, стасавацца з такімі ж беларускамоўнымі дзеткамі, гуляць разам у гульні, маляваць, вучыцца і развівацца», — адзначыла кіраўнік гуртка, старшыня Гомельскай гарадской арганізацыі ТБМ Алеся Аўласевіч.
Набор у гурток здзейсняўся праз сацыяльныя сеткі, і арганізатары былі ўражаны, што на прапанову адгукнуліся больш за трыццаць бацькоў. На думку Алесі Аўласевіч, калі гэта будзе цікава і запатрабавана, то можна будзе пашыраць курсы, знайсці і новых выкладчыкаў, і іншыя пляцоўкі.
Да гарадской арганізацыі ТБМ звяртаюцца па дапамогу бацькі, якія хацелі б аддаць дзяцей у беларускамоўны садок, ці хоць групу, бо ў Гомелі з гэтым праблемы. ТБМ разаслала лісты ў кожны дзіцячы садок з просьбай патлумачыць сітуацыю з беларускай мовай і выкацаць стаўленне да стварэння беларускамоўнай групы.
Некаторыя дзіцячыя садкі адказалі, што сёлета дакладна не адчыняць беларускамоўную групу, але магчыма — у наступным годзе. Іншыя патлумачылі, што для адкрыцця групы ў іх няма кадраў.
«Але ж у педагагічных ВНУ беларускую мову вывучаюць, таму такія адказы дзіўныя», — зазначыла старшыня гарадской арганізацыі ТБМ.
Настасся, жыхарка Гомелю, прывяла на заняткі сваіх сыноў трох і пяці гадоў, Леаніда і Канстанціна. «Я, шчыра кажучы, сама блага валодаю мовай, але ўпэўнена, што мова патрэбна маім дзецям, і спадзяюся, у іх валоданне мовай атрымаецца лепш, чым у нас, і гэта будзе карысна і нам, бацькам», — распавяла яна.
«Я хачу, каб мой сын развіваўся, і праз яго і я, таму што не валодаю на нармальным узроўні роднай мовай, на жаль. Мне хацелася бы, каб сын праз родную мову атрымаў самасвядомасць як беларус, які жыве на сваёй зямлі», — кажа Дар`я, якая прыйшла з пяцігадовым сынам Філіпам.
Навіны, 3 красавіка 2016
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/11-/17/35065
Текущая дата: 29.12.2024