У сеціве пайшлі чуткі пра пераход сеткі заправак А-100 на беларускую мову. Афіцыйны бок камэнтароў не дае. Супрацоўнікі АЗС распавялі, як да іх прыяжджала «Мова нанова» і як будзе адбывацца працэс пераходу, піша Арт Сядзіба.
Чуткі былі і раней, але рэзананс зьявіўся пасьля таго, як Андрусь Крэчка выклаў у Фэйсбуку дыялёг з супрацоўнікам А-100.
Кіраўніца ўпраўленьня маркетынгу групы кампаній «А-100 АЗС» Ніна Ніканорава адмовілася даваць камэнтары:
«Мы вельмі шануем беларускую мову, таму мы рэалізуем унутраны праект: аднаўленьне ведаў па мове сярод супрацоўнікаў. Якім чынам і ці будзе працяг у гэтага праекту, камэнтароў даць ня можам».
Не атрымаўшы падрабязнасьцяў, мы запыталіся ў супрацоўнікаў, што яны думаюць і ці ведаюць мову, як да гэтага ставяцца. Кажа адзін з апэратараў АЗС на Баравой:
«Курсы для кіраўнікоў і супрацоўнікаў ёсьць, і ўжо праходзілі першыя заняткі. Але для нас яны хутчэй забаўляльныя, чым навучальныя, бо мы вельмі саромеемся размаўляць і толькі сьмяемся. Зь першага занятку я памятаю толькі «станік».
Мяркую, што адразу перайсьці з расейскай будзе складана. Але нам сказалі, што калі раптам ня будзем ведаць як па-беларуску, казаць па расейску.
Як адрэагуюць людзі?… Будуць прыяжджаць, вядома, каб паглядзець на такі цуд…
Нам патлумачылі, што калі раптам кліенты ня будуць разумець, перапытваць, то адразу пераходзіць на расейскую мову».
Супрацоўнікі распавялі, што па аўторках да іх прыяжджаюць курсы Глеба Лабадзенкі «Мова нанова».
Апэратары АЗС на пытаньне, ці ў дастатковай ступені валодаюць «мовай», сьмяюцца ў адказ. Кажуць, што ў школе вучылі, але ня ведаюць. Мяркуючы па камэнтарах у сацыяльных сетках, кіроўцы збольшага прыхільна рэагуюць на новую ініцыятыву.
У Беларусі больш за 30 заправак А-100. Асноўная вэрсія сайту кампаніі зробленая на беларускай мове.
Радыё Свабода, 14 лістапада 2014
Радыё Свабода, 14 лістапада 2014
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/11-/20/28227
Текущая дата: 24.11.2024