Белорусский портал в Казахстане

Эксперты абмяркоўваюць праект плана асноўных мерапрыемстваў па падрыхтоўцы да святкавання 70-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне



16—17 красавіка ў штаб-кватэры СНД у Мінску эксперты абмяркоўваюць праект плана асноўных мерапрыемстваў па падрыхтоўцы да святкавання 70-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.

Як паведаміла прэс-служба Выканаўчага камітэта Садружнасці, дакумент быў распрацаваны ў мэтах выканання рашэння Савета кіраўнікоў дзяржаў, прынятага на саміце ў Ашхабадзе ў снежні 2012 года. Свае прапановы ў план прадставілі Азербайджан, Арменія, Беларусь, Казахстан, Кыргызстан, Малдова, Расія, Таджыкістан і Украіна, а таксама Каардынацыйны савет ветэранаў, сакратарыят Савета міністраў абароны, каардынацыйная служба Савета камандуючых Пагранічнымі войскамі, Савет міністраў унутраных спраў, Савет па справах моладзі, Канфедэрацыя саюзаў кінематаграфістаў краін СНД і Міждзяржаўная тэлерадыёкампанія "Мір".

У прыватнасці, у рамках святкавання 70-годдзя Перамогі прапаноўваецца падпісаць зварот кіраўнікоў дзяржаў Садружнасці да народаў краін СНД і сусветнай грамадскасці ў сувязі з юбілейнай датай, вырабіць і ўручыць ветэранам Вялікай Айчыннай вайны адзіныя ганаровыя ордэны і юбілейныя медалі, правесці міжнародную навукова-практычную канферэнцыю, прысвечаную 70-годдзю Перамогі. У ліку прапаноў таксама правядзенне эстафеты Перамогі ўздоўж дзяржаўных межаў краін СНД і міжнароднай Вахты Памяці, падрыхтоўка серыі кароткаметражных дакументальных фільмаў "Вызваленне" пра кожны дзень апошніх шасці месяцаў Вялікай Айчыннай вайны 1941—1945 гадоў, арганізацыя і правядзенне тэле- і радыёмастоў сустрэч аднапалчан — удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны з дзяржаў Садружнасці.

Непасрэдна ў дзень свята, 9 мая, у сталіцах краін СНД прапаноўваецца правесці ваенныя парады і салюты, прысвечаныя 70-й гадавіне Перамогі, з удзелам ветэранаў і працаўнікоў тылу з дзяржаў — удзельніц Садружнасці, Літвы, Латвіі, Эстоніі і краін антыгітлераўскай кааліцыі.

Акрамя таго, ва ўсіх краінах Садружнасці плануецца правесці розныя навукова-практычныя канферэнцыі, выставы і фестывалі, сустрэчы герояў вайны, заснаваць спецыяльныя конкурсы па стварэнні навуковых прац, дакументальных фільмаў, твораў літаратуры і мастацтва, якія раскрываюць падзеі ваенных гадоў.

У праект плана асноўных мерапрыемстваў па падрыхтоўцы да святкавання 70-й гадавіны Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гадоў таксама ўключаны раздзелы, прысвечаныя пытанням сацыяльнай абароны ўдзельнікаў і інвалідаў вайны і ўвекавечання памяці абаронцаў Айчыны.

Пасля канчатковага ўзгаднення экспертамі праект плана будзе ва ўстаноўленым парадку ўнесены на разгляд Савета кіраўнікоў дзяржаў СНД.

Вячаслаў Будкевіч, БелаПАH
Мінск, 16 красавіка 2013

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/11-/24/20614
Текущая дата: 18.05.2024