Белорусский портал в Казахстане

Караткевіч загаворыць па-англійску і іншыя тайны, якія адкрыліся на свяце беларускага пісьменства ў Хойніках



Няўстойлівае надвор`е, якое раз-пораз імкнулася прыпыніць свята беларускага пісьменства ў Хойніках, усё ж не змагло паўплываць на святочны настрой усіх, хто прыехаў на радзіму Івана Мележа. Жыхары гэтага невялічкага райцэнтра рыхтаваліся да сустрэчы гасцей практычна год.

Караткевіч загаворыць па-англійску
і іншыя тайны, якія адкрыліся на свяце беларускага пісьменства ў Хойніках

Экспедыцыя "Дарога да святыняў" прыбыла ў Хойнікі раніцай на святкаванне Дня беларускага пісьменства.

Хойнікі. Пасадка Сада малітвы ўдзельнікамі экспедыцыі каля помніка мясцовым вёскам, якія зніклі ў выніку чарнобыльскай катастрофы.

Няўстойлівае надвор`е, якое раз-пораз імкнулася прыпыніць свята беларускага пісьменства ў Хойніках, усё ж не змагло паўплываць на святочны настрой усіх, хто прыехаў на радзіму Івана Мележа. Жыхары гэтага невялічкага райцэнтра рыхтаваліся да сустрэчы гасцей практычна год. А ў спякотнае лета — проста ўдарна. Каб усе, хто ведаў раней гэты палескі гарадок з сумнай славай радыяцыйнага постчарнобыльскага шлейфу, у адзін голас казалі: "Не пазнаю! І гэта — тыя самыя Хойнікі?". Між тым, Хойнікі маюць амаль 500-гадовую гісторыю, і іх розныя гаспадары — уладальнікі мясцовага маёнтка — еўрапейскую культуру сюды прывозілі не ў якасці сувеніраў — у якасці ладу жыцця. Таму пераўтвораныя да свята Хойнікі проста вярнуліся туды, адкуль па недарэчнасці лёсу выпадкова выпалі. А жыхары, якія перажылі лета пад грукат будаўнічых машын, нарэшце атрымалі кампенсацыю — ім за Хойнікі цяпер не сорамна.

ХVІІ Дзень беларускага пісьменства, які праводзіцца па даручэнні кіраўніка дзяржавы і згодна з праграмай аднаўлення малых гарадоў Беларусі, на Гомельскай зямлі пачаўся з набажэнства з удзелам архіерэя, епіскапа Мазырскага і Тураўскага Сцефана ў мясцовым праваслаўным храме. Тут была адслужана літургія, сюды ўдзельнікі Рэспубліканскай навукова-асветніцкай экспедыцыі "Дарога да святыняў" прывезлі Дабрадатны агонь ад Труны Гасподняй. Свецкая частка мерапрыемстваў ахапіла літаральна ўвесь горад, які напоўніўся музыкай, гоманам, кірмашамі, смачнымі пахамі, радасцю. І вядома ж, сустрэчамі. З усімі тымі, хто сціпла працягвае справу асветнікаў беларускай зямлі Кірылы Тураўскага, Ефрасінні Полацкай, Францыска Скарыны...

Адукацыя, інфармацыя і культура — тры галіны, якія фарміруюць інтэлектуальную эліту нацыі, яе сучаснасць і будучыню. У гэты дзень аддавалася даніна павагі нашым продкам, якія стваралі падмурак беларускай адукацыі і пісьменнасці. У сваім выступленні на ўрачыстасцях віцэ-прэм`ер Беларусі Уладзімір Патупчык адзначыў, што "гэтае свята аб`ядноўвае старонкі багатай гісторыі і намаганні пакаленняў суайчыннікаў, якія шанавалі і неслі свету беларускую мову, збераглі культурную спадчыну, стварылі асветніцкія цэнтры, заклалі падмурак далейшага духоўнага развіцця Радзімы".

Старшыня Гомельскага аблвыканкама Аляксандр Якабсон назваў свята вялікай нацыянальнай падзеяй:

— Наша задача, як удзячных нашчадкаў і патрыётаў Айчыны — захаваць мову — гэтую моцную ніць, якая звязвае часіны, пакаленні і братэрскія народы.

Свае стэнды прадставілі як невялічкія раённыя газеты, так і нацыянальныя выдавецтвы. Кожнаму знайшлося месца на тэрыторыі адноўленага старажытнага парку, дзе з`явілася шмат новых аб`ектаў і былі кардынальна адноўлены старажытныя.

Стэнд "Звязды" ўпрыгожвала птушка шчасця, зробленая з саломкі ўмелымі рукамі Аляксандры Лакуткі з вёскі Грабаўка Гомельскага раёна. Тут жа былі яе адмысловыя (лепшых на свяце не бачылі!) капелюшы, у якіх усе, хто хацеў, маглі сфатаграфавацца.

Па традыцыі "Звязда" сустракала сваіх падпісчыкаў (былых, сённяшніх і будучых) хлебам-салам, карацелькамі (вушкамі, альбо рожкамі) ад Валянціны Доўнар. Да таго ж напярэдадні фестывалю, нам "падкацілі" 10-кілаграмовага кавуна. Мы, зразумела маглі яго "зарэзаць" у рэдакцыі. Альбо па дарозе... Але ж продкі праўду казалі: адзін з`еш хоць вала, адна хвала. А так... І палюбаваўся народ, і падзівіўся, і пераканаўся (у чарговы раз), што ёсць жанчыны ў беларускіх вёсках! Прозвішчы і адрасы мы не ўтойвалі і не будзем. Да кавуна, прынамсі, прымацавалі цыдулку: так і так, маўляў, вырас на падворку даўняй падпісчыцы і аўтаркі спадарыні Кусянковай з вёскі Лучын, што на Рагачоўшчыне.

Парадавалі знаёмствы і з іншымі падпісчыкамі Гомельшчыны — Любоўю Міхайлаўнай Фурс, Віктарам Мікалаевічам Цылько, Тамарай Якаўлеўнай Марчанка (яна без адзінага перапыначку выпісвае газету, як прызналася, гадоў 50-60!), спадарынямі Дзейкун, Кошмар, спадарамі Кавалёвым, Болсунам, Кузьмічом, Паўлаўцом...

Дарэчы, ад Леаніда Пятровіча і Дзмітрыя Дзмітрыевіча, выкладчыкаў Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта, давялося пачуць не толькі кампліменты ў адрас газеты, але і слушныя заўвагі. Як зазначылі гэтыя мовазнаўцы, здараюцца на старонках "Звязды" прыкрыя, недаравальныя памылкі. Да таго ж у беларускай газеце беларускім павінна быць усё. У тым ліку і рэклама.

Але ж кампліментаў было больш.

— У апошні час вельмі шмат матэрыялаў на тэмы адукацыі, — прызнала, напрыклад, настаўніца рускай мовы і літаратуры Сыродскай базавай школы, што ў Калінкавіцкім раёне, Ала Міхайлаўна Радлевіч. — Адчуваецца, што "Звязда" ведае нашы праблемы, шчыра перажывае за настаўнікаў, за вучняў. Піша праўдзіва, смела... А з праблемамі, як з сімптомамі нейкай хваробы: не вельмі даймаюць, можаш справіцца сам, — значыць, гаварыць аб гэтым не варта. Калі ж не... Спадзяёмся і на працяг размовы, і на канкрэтныя змены.

Прыемныя ўражанні засталіся і ад размоў з паштавікамі, бібліятэкарамі, якія цудоўна ведаюць нашу газету, як могуць, прапагандуюць яе.

Тое ж рабілі і мы, нешта расказваючы пра "Звязду", аддаючы (задарма) папярэдні нумар. "Па-беларуску гадоў з пяць нічога не чытаў, — прызнаўся адзін з першых наведвальнікаў стэнда, беручы газету. Гадзіны праз тры прыйшоў яшчэ раз — падзякаваць і сказаць, што відаць, падпішацца, бо спадабалася як газета, так і сам працэс чытання. Па-беларуску!

Не абышлося (на шчасце ці на жаль?) і без пытання пра назву амаль стогадовага ўжо беларускага выдання: у Хойніках (што прыемна маладыя людзі і па-беларуску) гаварылі нам, што калядная зорка — гэта ўсё ж такі зорка...

Для іх і іншых яшчэ раз цытуем артыкул з "Беларускай энцыклапедыі" (Мінск, 1998 г., т. 7). Паводле яго "Звязда" — ёсць, па-першае, штодзённая грамадска-палітычная газета, якая выходзіць з 1917-га года... А, па другое — рухомая шматпрамянёвая асветленая знутры зорка на кіі, з якой хадзілі (і ходзяць!) так званыя звездары, атрыбут каляднай абраднасці (выдз. рэд)...

Што, магчыма, цікава, спасылцы на энцыклапедыю маладзёны паверылі, здаецца менш, чым словам той жа Тамары Якаўлеўны Марчанка, нашай падпісчыцы з больш чым 50-гадовым стажам.

Былі і заўвагі пра ўжыванне асобных слоў. Некага бянтэжылі нашы "стасункі", "наклады", "замовы", "іспыты", "зніжкі"...

Баранілі іх, як маглі і відавочным: словы гэтыя ва ўжытку былі і быць павінны, бо чым больш іх у мове, тым багацейшая душа народа.

І як жа крыўдна было, калі мяняючы фірменныя календары на чароўныя словы, мы не маглі выцягнуць "с рускоговорящих" нават найпершых "Калі ласка", "Дзякуй", "Добры дзень".

Аднак, на шчасце, былі і тыя, хто карыстаецца роднай мовай заўсёды, хто па-беларуску жыве і думае, хто піша. Як і ў папярэднія гады, наша газета на свяце аб`явіла конкурс на лепшы верш пра "Звязду" і птушку шчасця. Лепшымі прызнаны радкі:

Давялося шукаць мне папараць-кветку,
Птушку шчасця сваю ў блакіце лавіць...
Яе звалі "Звязда", мы сустрэліся ўлетку —
І цяпер без яе нецікава мне жыць!

Аўтар — гомельскі паэт Святаслаў Крупенька.

Ён, дарэчы, не першы раз удзельнічае і нават перамагае ў гэтым конкурсе. Што цікава, прыз, выйграны ім на свяце ў Паставах, мы рады былі ўручыць у Смаргоні; выйграны ў Хойніках, прыйдзецца, мусіць, у Ганцавічах?

Вершамі шчыра парадаваў і мясцовы чацвёртакласнік Ягор Максімовіч. Ён, лічы, без перапынку чытаў творы класікаў беларускай літаратуры і казаў, што гэта яго настаўніца Галіна Арсенцьеўна Асаўляк так вучыць, што ў яе ўсе дзеці ўмеюць правільна размаўляць па-беларуску:

— Яна расказвае нам казкі, праводзіць усякія гульні на беларускай мове, мы займаемся пісьмом па-беларуску. Мне цікава, хаця і складана. Трэба ведаць беларускую мову, — вельмі сур`ёзна казаў Ягор, які ў будучым хоча — ні многа ні мала — заняць пасаду дырэктара мясцовага сельскагаспадарчага прадпрыемства "Судкова". І размаўляць з падначаленымі толькі на роднай мове, бо яе ж усе разумеюць, нават калі самі чамусьці не размаўляюць.

Хочацца верыць — падпісчык расце.

Што да іншых...

— Заўсёды чыталі, тое, што піша "Звязда", а цяпер журналістаў ведаць яшчэ і ў твар будзем, — кажа жыхарка Хойнікаў Ніна Іванаўна Мякатнікава. — Я шмат гадоў газету выпісваю і чытаю ўсё ад першай да апошняй старонкі. Дзеці таксама праглядаюць, а ўнукі больш сядзяць ля камп`ютара.

Мы з Нінай Іванаўнай дамовіліся, што малодшаму пакаленню яна пакажа "Звязду" ў электроннай версіі.

Было на стэндзе шмат іншых гасцей. і на ўсіх, як здаецца, хапіла падарункаў і пачастункаў. Не хапіла, мо нашай увагі?

...Цэнтральнай падзеяй свята стала адкрыццё помніка "Па старонках твораў Івана Мележа". Хойнікшчына — радзіма народнага пісьменніка Беларусі. Ён нарадзіўся ў 1921 годзе ў вёсцы Глінішча. Дасягненнем усёй айчыннай літаратуры сталі яго раманы з цыкла "Палеская хроніка": "Людзі на балоце", "Подых навальніцы", "Завеі, снежань". Міністр культуры Павел Латушка на цырымоніі адкрыцця адзначыў:

— Сёння сапраўды вельмі важнае свята. Свята ўсіх, хто неабыякавы да роднага слова, да роднай культуры — Дзень беларускага пісьменства. Кожны народ стварыў хаця б адзін геніяльны твор. І гэтым творам з`яўляецца мова. Як геніяльным з`яўляецца слова, пачынаючы ад Ефрасінні Полацкай, Кірылы Тураўскага ці Францыска Скарыны, лірыкі Максіма Багдановіча, класікаў Купалы і Коласа, гістарычнай праўды Караткевіча і Быкава. Зразумела, што да гэтага выключнага слова належыць і творчасць вельмі важнай асобы для нашай краіны — пісьменніка з вялікай літары Івана Мележа. Іван Мележ так казаў пра "Палескую хроніку": "Прыйшло жаданне напісаць... кнігу, героем якой быў бы народ, людзі, якіх чамусьці называюць простымі. Кнігу, у якой бы цудоўнае жыло ў звычайным, трагізм — у звычайным, вялікае — у звычайным...". І сапраўды быў створаны велічны твор — твор аб Палессі, аб палешуках, аб тых людзях, якія жывуць на гэтай зямлі. Твор, які нельга назваць рэгіянальным. Яго можна назваць нацыянальным. Але належыць ён не толькі беларускаму народу, належыць ён еўрапейскай культурнай спадчыне. Сёння дзякуючы гэтаму манументу мы кажам словы пашаны выбітнай асобе, выбітнаму чалавеку — Івану Мележу і яго цудоўнай трылогіі "Палеская хроніка".

Цяпер героі знакамітай кнігі Ганна, Васіль, Хведзька і маці Васіля Алёна застануцца з землякамі навечна — у бронзе, і будуць сустракаць кожнага, хто прыйдзе ў старажытны хойніцкі парк, як і маёнтак, пабудаваны ў ХІХ—пачатку ХХ стагоддзя. У ХХІ ён набыў другое жыццё. На першым паверсе цяпер мясцовы краязнаўчы музей, а на другім — перасоўная экспазіцыя. Тую, што можна пабачыць зараз, прывезлі супрацоўнікі Веткаўскага музея народнай творчасці, дырэктар якога, Галіна Нячаева, прадстаўляе адзін з вобразаў нацыянальнай культуры ва ўяўленнях нашых продкаў:

— Бусел у цэнтры ўсёй экспазіцыі. З гэтым сімвалам на Беларусі вельмі многа звязана. Нашы прабабкі ніколі не ўяўлялі сябе без птушкі — і над вокнамі, і на ручніках, і ў касцюме, і ў імёнах. Адно з імёнаў бусла — "буська". Гэта ж тое самае, што і пацалунак. Акрамя таго, бусла называюць "лялека". А гэта адно з імёнаў хроснага айца. Яшчэ яго называюць "весялец, весялун, вясёлка, весялок". І ўсё гэта звязана з вяселлем. Усе ведаюць, што маладой пабачыць бусла ў сне — да цяжарнасці. Бусел прыносіць добрую вестку аб зачацці ўсяго новага і добрага, прыносіць дзяцей. Ён жа — сярод райскіх птушак.

Тут жа, у маёнтку, ганаровымі гасцямі свята была ўрачыста пагашана паштовая марка "Герб г. Хойнікі", уведзеная ў зварот Міністэрствам сувязі і інфарматызацыі і выдадзеная тыражом 45 тысяч экзэмпляраў. Падарункам філатэлістам стане і мастацкі канверт з арыгінальнай маркай.

У Дзень беларускага пісьменства стартавала Рэспубліканская акцыя "Чытаем па-беларуску". Яе мэта — стымуляваць цікаўнасць жыхароў Беларусі да беларускамоўнай літаратуры і павысіць ролю мастацкай кнігі ў культурным жыцці краіны. Але ж трэба прызнаць і такі факт не на карысць пачатку такой добрай справы: да нас падышлі гамяльчане, якія прыехалі на свята ў Хойнікі ў тым ліку і для таго, каб знайсці тут кніжку дзіцячых вершаў для свайго першакласніка. Кажуць — не знайшлі, што вельмі прыкра. Хаця аўтараў кніжак для дарослых у Хойніках віншавалі на пляцоўцы толькі што пабудаванага Летняга амфітэатра. Гран-пры 50-га нацыянальнага конкурса "Мастацтва кнігі-2010" узяла кніга "Ніколі не забудзем" выдавецтва "Мастацкая літаратура". "Залатыя фаліянты" і "Залатыя Купідоны" атрымалі лепшыя паэты, празаікі, драматургі, крытыкі...

Наша культура павінна актыўна выходзіць за межы Беларусі, адзначыў міністр культуры Павел Латушка, калі падышоў да стэнда "Звязда":

— На англійскай і ўкраінскай мовах хутка будзе выдадзены твор Уладзіміра Караткевіча "Дзікае паляванне караля Стаха". Мэта — зрабіць прэзентацыю нашай класікі за мяжой. У наступным годзе будзем выдаваць кнігу Багдановіча на еўрапейскіх мовах. Каб праз нашы пасольствы зрабіць прэзентацыю гэтых твораў у еўрапейскіх краінах.

Для тых, хто змог атрымаць асалоду ад усіх мерапрыемстваў, якія прайшлі ў нядзелю ў Хойніках, свята заканчвалася выкананнем лепшымі беларускімі артыстамі оперы Ігара Лучанка "Курган" па аднайменнай паэме Янкі Купалы, якой сёлета спаўняецца 100 гадоў. Традыцыйна свята пісьменства праводзіцца ў гарадах, якія з`яўляюцца гістарычнымі цэнтрамі культуры, навукі, літаратуры і кнігадрукарства. Праз год эстафету сталіцы свята ўпершыню прымуць Ганцавічы.

Источник: zvyazda.minsk.by



Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/11-/35/1856
Текущая дата: 24.11.2024