Белорусский портал в Казахстане

Беларусь прапануе стварыць спецыяльны інструмент для падтрымкі навучання студэнтаў з краін Еўрасаюза ў ВНУ Беларусі і іншых усходнееўрапейскіх дзяржаў



Аб гэтым заявіў намеснік міністра замежных спраў Алег Краўчанка, выступаючы 4-га кастрычніка на структураваных кансультацыях Беларусь - ЕС, прысвечаных перспектывам "Усходняга партнёрства".

На думку Алега Краўчанкі, можна было б пачаць з невялікага пілотнага праекта, каб высветліць рэальны аб`ём попыту ў Еўрапейскім саюзе на такія паслугі. Ён не сумняваецца ў тым, што такі попыт ёсць.

Намеснік кіраўніка беларускага МЗС назваў актуальнымі прапановы Міністэрства адукацыі, якія датычацца навучання прадпрымальніцтву і інавацыям па мадэлі "Універсітэт 3.0" і распрацоўкі адукацыйных праграм для ўкаранення смартспецыялізацыі на базе прадпрымальніцкіх універсітэтаў.

Алег Краўчанка звярнуў увагу на неабходнасць больш актыўнага ўключэння краін-партнёраў у планаванне работы "Усходняга партнёрства", распрацоўку яго праектаў і праграм. Ён лічыць, што неабходна падтрымліваць падыход, калі самі партнёры рыхтуюць і ўносяць свае праектныя заяўкі.

"Многія з вас знаёмыя з тым, як працуюць праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва ЕС: Еўракамісія толькі ўстанаўлівае агульныя правілы і зацвярджае падагульняючыя рашэнні, а краіны самі фарміруюць сумесныя рабочыя органы, якія вызначаюць крытэрыі якасці праектаў, праводзяць іх конкурсы з удзелам шматлікіх арганізацый на месцах і адбіраюць да рэалізацыі лепшыя з заявак", - адзначыў намеснік міністра замежных спраў. Ён лічыць, што можна было б выкарыстоўваць элементы гэтай схемы ва "Усходнім партнёрстве" - у такой меры, якая не запатрабуе яго карэннай перабудовы.

Правядзенне нацыянальных кансультацый ва ўсіх краінах "Усходняга партнёрства" з нагоды 10-годдзя арганізацыі ініцыяваў Еўрапейскі саюз. Беларуская кансультацыя праходзіць 4 кастрычніка і складаецца з трох паслядоўных панэлей.

Прадстаўнікі заканадаўчай улады, органаў дзяржкіравання, грамадзянскай супольнасці і іншыя ўдзельнікі мерапрыемства абмяркуюць шэраг тэм, сярод якіх ключавая - умацаванне супрацоўніцтва ва "Усходнім партнёрстве".

Ініцыятыва ЕС "Усходняе партнёрства" была аб`яўлена ў маі 2009 года. Яна нацэлена на ўзмацненне ўзаемадзеяння Еўрасаюза і шасці краін: Арменіі, Азербайджана, Беларусі, Грузіі, Малдовы і Украіны.

4 кастрычніка 2019, Мінск
Аліна Грышкевіч - БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/11-/7/50145
Текущая дата: 24.11.2024