Белорусский портал в Казахстане

Забароны на наведванне лясоў зняты ва ўсіх рэгіёнах краіны



У Беларусі поўнасцю знята забарона на наведванне ўгоддзяў. Пасля працяглых ападкаў сітуацыя ў лясным фондзе стабілізавалася, паведамілі ў прэс-службе Мінлясгаса.

Там нагадалі, што рашэнні па ўвядзенні і зняцці забароны на наведванне лясоў прымаюцца мясцовымі органамі ўлады па хадайніцтве лесагаспадарчых устаноў або раённых аддзелаў па надзвычайных сітуацыях. Меры абмежавальнага характару ўводзяцца ў выпадку ўстанаўлення высокага класа пажарнай небяспекі.

З пачатку года ў Беларусі зафіксавана каля 330 лясных пажараў на агульнай плошчы 2,4 тысячы гектараў. Найбольшая іх колькасць адбылася ў лясгасах Брэсцкай вобласці (130 выпадкаў на 866 гектарах, без уліку плошчы пажару ў Палескім лясгасе) і Гродзенскай вобласці (37 выпадкаў на 820 гектарах).

Мінулы красавік у Беларусі быў самым сухім за апошнія 75 гадоў. За гэты месяц у сярэднім па краіне выпала 7 мм ападкаў, што складае 18,2 % кліматычнай нормы. Сярэдняя тэмпература паветра па краіне ў красавіку склала плюс 8,8 градуса, што на 1,5 градуса вышэй за кліматычную норму. Высокая пажарная небяспека была абумоўлена засушлівым і ветраным надвор`ем. Акрамя таго, некалькі лясных пажараў прыйшлі з Украіны, у тым ліку той, што бушаваў на Альманскіх балотах. У пачатку мая ў Беларусі ўстанавілася дажджлівае надвор`е, у сувязі з чым становішча ў лясах стала больш спрыяльным.

Міністэрства лясной гаспадаркі ініцыявала поўнае зняцце забарон на наведванне лясоў. Мясцовыя органы ўлады прымалі такія рашэнні па меры стабілізацыі пажаранебяспечнай абстаноўкі.

Сяргей Расолька
Звязда, 16 траўня 2019 

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/11-/8/48060
Текущая дата: 27.12.2024