Белорусский портал в Казахстане

У мінскім метро пачала працу мабільная бібліятэка



Як паведамляе прэс-служба "МТС", мэта мабільнай бібліятэкі — з дапамогай сучасных тэхналогій зрабіць чытанне даступным і папулярным.

У мінскім метро пачала працу мабільная бібліятэка, створаная аператарам сувязі "МТС" на базе дзесяці вагонаў, стылізаваных пад пакоі з кніжнымі паліцамі. Бібліятэка даступная ўсім пасажырам. 

У метро на працягу паўгода будуць курсіраваць дзесяць вагонаў, прысвечаных пяці тэматыкам: дзіцячай літаратуры, класіцы, бестсэлерам, дэтэктыўным, містычным і фантастычным творам і кнігам для добрага настрою. Першыя чатыры вагоны ўжо абслугоўваюць пасажыраў, а на працягу бліжэйшых двух тыдняў да іх далучацца яшчэ шэсць. 

Усярэдзіне кожнага з дзесяці вагонаў "МТС" размясціў амаль па 50 урыўкаў з папулярных кніг, каб выклікаць у людзей жаданне прачытаць гэтыя творы цалкам. Акрамя гэтага, пасажыры знойдуць у вагонах інструкцыі, якія адкрываюць у межах мабільнай бібліятэкі бясплатны доступ больш як да 500 тысяч разнастайных твораў на дзевяці мовах. Такім чынам, мінчане і госці сталіцы змогуць спампоўваць любімыя творы і чытаць іх прама ў падземцы. 

"Мы запусцілі "Мабільную бібліятэку" ў метро, каб вярнуць цікавасць людзей да чытання. Статыстыка сведчыць пра тое, што людзі з кожным годам чытаюць усё менш кніг, а кнігаабарот у гандлі штогод зніжаецца на 20%. Гэтым адначасова адукацыйным, сацыяльным і іміджавым праектам мы хочам нагадаць, што чытаць — гэта не толькі цікава і карысна, але і проста", — пракаментаваў дырэктар па маркетынгу кампаніі "МТС" Дзяніс Цярэшчанка. 

Каб бясплатна апрабаваць мабільную бібліятэку, абанентам "МТС" трэба адправіць са смартфона ці планшэта USSD-запыт *703#. Пасля гэтага неабходна прайсці па спасылцы, якая прыйдзе ў SMS-паведамленні, і ўсталяваць праграму Bookmate, на базе якой і працуе бібліятэка. Стаць карыстальнікам Bookmate таксама можна, зайшоўшы на сайт сэрвісу Bookmate.com або загрузіўшы дадатак App Store, Google Play ці Windows Store. 

Абаненты "МТС" змогуць бясплатна карыстацца мабільнай бібліятэкай на працягу першых трох дзён. У далейшым падпіска на сэрвіс стане платнай — яе кошт для абанентаў "МТС" складзе 1.950 рублёў за суткі. Трафік на выкарыстанне мабільнай бібліятэкі неабмежаваны і бясплатны. 

Чытаць кнігі з дапамогай Bookmate можна як са смартфона ці планшэта на базе iOS, Android і Windows Phone, так і з камп`ютара.

Аляксей Арэшка, БелаПАН
Мінск, 7 снежня 2015

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/11-0/17/33528
Текущая дата: 24.11.2024