Вядомы рэлігійны дзеяч беларускай эміграцыі Аляксандр Надсан будзе пахаваны 29 красавіка паводле грэка-каталіцкага абраду ў царкве Святой Марыі ў Лондане.
Царква Святой Марыі размешчаная ва Усходнім Фінчлі, насупраць брамы могілак Святога Панкрата. Літургічны абрад пачнецца ў 11.00, а напярэдадні, 28 красавіка, цела айца Аляксандра будзе дастаўленае для развітання ў Марыйны дом, паведамляе хрысціянскі інфармацыйны партал krynica.info.
19 красавіка ў гарадскім пасёлку Друя пад Браславам, у рымска-каталіцкім прыходзе Найсвяцейшай Тройцы, адбылася служба за памерлага духоўнага лідара беларусаў свету. "Беларускі цэнтр у Лондане і Друя цесна звязаныя паміж сабой духоўна дзякуючы асобе біскупа Чэслава Сіповіча і яго паслядоўнікаў, якія называлі дом Беларускай каталіцкай місіі ў Брытаніі "Новай Друяй". У "Старой Друі" асоба апостальскага візітатара католікаў усходняга абраду ў эміграцыі Аляксандра Надсана вядомая і шанаваная", — зазначаецца ў паведамленні хрысціянскага партала.
Айцец Аляксандр Надсан памёр 15 красавіка ў Лондане на 89-м годзе жыцця. Ён нарадзіўся ў 1926 годзе ў пасёлку Гарадзей (зараз Гарадзея) Нясвіжскага раёна Мінскай вобласці. У 1958 годзе, пасля заканчэння Лонданскага ўніверсітэта, Грэчаскага каледжа і Грыгарыянскага ўніверсітэта ў Рыме, Надсан прыняў сан. З канца 1950-х гадоў жыў у Лондане. Доўгія гады кіраваў Беларускай бібліятэкай і музеем імя Францыска Скарыны, што месцяцца ў Лондане.
У 1981 годзе айцец Аляксандр узначаліў Беларускую каталіцкую місію ў Вялікабрытаніі, а ў чэрвені 1986-га быў прызначаны на пасаду апостальскага візітатара для беларусаў-грэка-католікаў у замежжы.
Надсан займаўся вывучэннем беларускай свецкай і духоўнай літаратуры XVI—XVII стагоддзяў. У 1994 годзе Ватыкан афіцыйна зацвердзіў літургічныя тэксты для беларусаў-уніятаў, перакладзеныя Надсанам на беларускую мову.
Надсан таксама быў адным з першых, хто ўзняў тэму Чарнобыльскай катастрофы за мяжой, стварыў і кіраваў камітэтам дапамогі ахвярам радыяцыі. Браў актыўны ўдзел у працы аб`яднання беларусаў Вялікабрытаніі, Англа-беларускага таварыства. Ганаровы доктар Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта.
Мінск, 20 красавіка 2015
Мінск, 20 красавіка 2015
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/11-0/19/30624
Текущая дата: 24.11.2024