Белорусский портал в Казахстане

У Астане адкрыты Беларускі цэнтр мовы і культуры



Беларускі цэнтр мовы і культуры адкрыты пры Еўразійскім нацыянальным універсітэце імя Льва Гумілёва ў Астане.

Як паведамляе агенцтва Казінфарм, цырымонія адбылася 9 лістапада ў межах візіту беларускай урадавай дэлегацыі ў Казахстан. Выступаючы на адкрыцці цэнтра, першы намеснік міністра адукацыі Беларусі Аляксандр Жук падкрэсліў, што народы дзвюх краін "заўсёды вызначаліся дружалюбнымі і давернымі адносінамі". "Адкрыццё Цэнтра казахскай мовы, гісторыі і культуры ў маі гэтага года ў Мінску (Цэнтр казахскай мовы, гісторыі і культуры імя Абая адкрыты пры Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце. — БелаПАН.) і, ужо сёння, стварэнне беларускага цэнтра ў Астане — гэта сімвалічна і лагічна", — заявіў Жук.

Гэты цэнтр, паводле слоў намесніка міністра, "дасць магчымасць казахстанскім студэнтам лепш пазнаёміцца з гісторыяй, культурай, традыцыямі і звычаямі беларускага народа", а таксама будзе спрыяць збліжэнню, развіццю і ўмацаванню культурных і адукацыйных сувязяў паміж дзяржавамі.

Урадавая дэлегацыя Беларусі на чале з прэм`ер-міністрам Міхаілам Мясніковічам знаходзіцца з афіцыйным візітам у Казахстане 8—11 лістапада.

БелаПАН
Мінск, 10 лістапада 2012

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/11-0/27/17549
Текущая дата: 22.05.2024