Белорусский портал в Казахстане

Як заставацца беларусам за мяжой?



«Чытаць па-беларуску і пра Беларусь!» — лічаць стваральнікі інтэрнэт-бібліятэкі «Камунікат»

1. Як усё працуе

Вы заходзіце на адрас kamunikat.com і пампуеце сабе на кампутар або чытаеце онлайн айчынную і перакладную літаратуру, а таксама слухаеце аўдыёкнігі. Акрамя гэтага на сеціўнай старонцы электроннай бібліятэкі «Камунікат» можна азнаёміцца з апошнімі навінамі. Самая вялікая на сёння электронная бібліятэка «Камунікат» святкуе дзесяцігоддзе і абяцае, што беларускіх кніг у вольным доступе будзе больш.

— Раней акном у Беларусь за мяжою была толькі Скарынаўская бібліятэка ў Лондане, цяпер жа, у ХХІ ст., «Камунікат» шмат у чым пераняў яе эстафету, — кажа гісторык беларускага замежжа Нaтaлля Гaрдзіенка.

Наталля Гардзіенка лічыць, што найвялікшая заслуга «Камунікату» — далучэнне чытачоў, незалежна ад іх месцазнаходжання, да беларушчыны.

2. ...Цераз межы і кардоны


Беларуская кніжка зрабілася мабільнай і незалежнай ад месца яе стварэння. Напрыклад, цяпер, націснуўшы разоў колькі па клавіятуры, можна паслухаць аўдыёкнігу Ўладзіміра Арлова ці пагартаць усе нумары адноўленай «Нашай Нівы».

Вядома, рэвалюцыю ў айчыннай інтэрнэт-прасторы здзейсніў не «Камунікат», тут лаўры першынства належаць «Беларускай палічцы» . У канцы 1990-х высілкамі энтузіястаў у вольным доступе былі выкладзеныя сотні літаратурных твораў: беларускіх і перакладных. Дадамо да гэтага музычны партал «Тузін Гітоў», віртуальную пляцоўку з багатым песнязборам, дзе сустракаюцца музыкі, іх слухачы, а таксама музычныя прадусары.

Але гадоў пяць як не працуе «Беларуская палічка», а яе сваячка, «Беларуская электронная бібліятэка», таксама не аднаўляецца. У дадатак, на гэтых сайтах не надта пільнаваліся аўтарскіх правоў: творы выдаваліся без дазволу аўтараў і перакладчыкаў. А як з аўтарскімі правамі ў «Камунікату»?

— З кожным творцам заключаем кантракт, — кажа кіраўнік «Камунікату», журналіст Яраслаў Іванюк. — Часам аўтарскія правы мы проста набываем.

Сайт «Камунікат» робяць збольшага беластоцкія беларусы і беларусы Падляшша. Калі раней сайт рабіўся на энтузіязме, дык цяпер яго фінансуе польская дзяржава.

— Вельмі сумна, што беларуская дзяржава не падтрымлівае такія праекты, — кажа старшыня Рады ЗБС «Бацькаўшчына» Ніна Шыдлоўская. — Такія праекты, як «Камунікат», далучаюць да скарбаў беларускай літаратуры беларусаў, якія знаходзяцца па-за межамі нашай краіны.

Наша Ніва
11 кастрычнiка 2010

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/11-0/34/2266
Текущая дата: 24.11.2024