Белорусский портал в Казахстане

Экспазіцыю "Беларуская сядзіба" плануецца стварыць у 2022 годзе на тэрыторыі архітэктурна-этнаграфічнага музея "Тальцы" ў Іркуцкай вобласці



Такая інфармацыя прагучала 29-га лістапада на шостым пасяджэнні рабочай групы па супрацоўніцтве Беларусі і Іркуцкай вобласці.

Сфармаваць экспазіцыю мяркуецца пры садзейнічанні Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту. Размешчаны на правым беразе Ангары музей "Тальцы" ўяўляе сабой унікальны збор помнікаў драўлянага дойлідства пад адкрытым небам. Туды будзе перавезены дом беларускіх перасяленцаў з сяла Тургенеўка Баяндаеўскага раёна. Праект задуманы з мэтай паказаць матэрыяльную культуру беларускіх сялян, якія перасяліліся ў Іркуцкую губерню ў пачатку ХХ стагоддзя па сталыпінскай аграрнай рэформе.

"Мне здаецца, за гэтым ёсць перспектыва. Музей у Тальцы, яго развіццё, удасканаленне мы разглядаем як прыярытэтны праект. Думаю, гэта будзе цікава для жыхароў і Беларусі, і Расіі. Калі вашы спецыялісты прыедуць, мы вызначым месца і далей будзем працаваць", - сказаў губернатар Іркуцкай вобласці Ігар Кобзеў. Ён таксама прапанаваў запрасіць на наступнае пасяджэнне рабочай групы кіраўніцтва беларускай дыяспары.

Акрамя гэтага праекта ў планах на наступны год і іншыя сумесныя мерапрыемствы ў культурнай сферы. Так, Іркуцкі абласны мастацкі музей імя Сукачова плануе правядзенне фестывалю "Дружбы", у якім традыцыйна прымае ўдзел таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага. На працягу 2022 года Цэнтр культуры карэнных народаў Прыбайкалля плануе для іркуцкіх педагогаў анлайн-майстар-класы па дэкаратыўна-прыкладным мастацтве з удзелам майстроў Беларусі. На базе Брацкага музычнага вучылішча адбудуцца гульнявыя і музычныя мерапрыемствы "Беларускія вячоркі".

Тэатр-студыя "Тэатр пілігрымаў" прапрацоўвае магчымасць рэалізацыі ў 2022 годзе праекта аб вайне "У імя міру". Мэта праекта - стварэнне міжнароднай калабарацыі тэатраў і музеяў воінскай славы. Мемарыяльны комплекс "Брэсцкая крэпасць-герой" пацвердзіў ужо сваю згоду на сумесны ўдзел у міжнародным некамерцыйным праекце.

Шостае пасяджэнне рабочай групы па супрацоўніцтве Беларусі і Іркуцкай вобласці прайшло ў анлайн-фармаце. З беларускага боку перагаворы ўзначаліў старшыня Брэсцкага аблвыканкама Юрый Шулейка, які распараджэннем прэм`ер-міністра замацаваны адказным за каардынацыю супрацоўніцтва. Сустаршынёй з расійскага боку выступіў губернатар Іркуцкай вобласці Ігар Кобзеў. У канферэнцыі прынялі ўдзел прадстаўнікі міністэрстваў і ведамстваў. Удзельнікі абмеркавалі ход рэалізацыі пагаднення аб гандлёва-эканамічным, навукова-тэхнічным, культурным і гуманітарным супрацоўніцтве на 2020-2022 гады.

Сёмае пасяджэнне рабочай групы пройдзе ў другой палове 2022 года. Канкрэтная дата правядзення і фармат мерапрыемства будуць вызначаны з улікам эпідабстаноўкі.

29 лістапада 2021, Брэст
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/11-0/4/61904
Текущая дата: 24.11.2024