У Гомельскай вобласці перасяленцы з Украіны могуць пачаць уласную справу і нават атрымаць міні-гранты на запуск свайго бізнес-праекта.
Унікальную для рэгіёна ініцыятыву ўвасобіла ў жыццё Таццяна Спас з Данбаса. Яе праект сацыяльны. Маладая маці ў «дэкрэтным», яна пячэ хлеб для адзінокіх пенсіянераў, інвалідаў і вучыць выпечцы ўсіх ахвотных.
Хочацца аддаваць
Таццяна ставіць у духоўку формы з будучымі хлебнымі «цаглінкамі». Шэпча кароткую малітву, асяняе хросным знакам бліскучую прастору новенькай тэхнікі.
— Хай Бог дапамагае — так казала мая бабуля. Яна хлеб, вядома, у печы пякла і таксама асяняла яго крыжам, калі ставіла выпякаць, — заўважае жанчына.
Усё роўна дзе пячэш, кажа Таццяна, у старой рускай печы або сучаснай духоўцы. Хлеб сапраўды форма жыцця — пускаць яго ў свет трэба толькі з малітвай.
— Для любога народа хлеб — святое. У яго два правілы: ён малітву любіць і не церпіць шмат рук. Пачала ты мясіць, фармаваць, выпякаць бохан, значыць, рабі сама, не перадавай у іншыя рукі. У маёй сям`і хлеб заўсёды пякла мая бабуля Анастасія Рыгораўна. Я з дзяцінства бачыла, як яна жыла гэтым працэсам, — расказвае Таццяна.
Сама хлеб яна пячэ на заквасцы. Навучылася на сваёй малой радзіме яшчэ 13 гадоў таму. У іх праваслаўнай Свята-Дзмітрыеўскай царкве хлеб на заквасцы пёк сам бацюшка.
— Папрасіла яго навучыць і мяне. Ён паказаў, як трэба пячы, расказаў, наколькі хлеб на заквасцы больш карысны, блаславіў мяне пячы хлеб, — узгадвае Таццяна. Тады яна яшчэ не ведала, як такое паслушанне, на якое атрымала благаславенне, адгукнецца ў яе жыцці на Беларусі.
Ёсць людзі, якіх хлеб любіць. Мая новая знаёмая з такіх. Хлеб на заквасцы пшанічны, жытні, з семачкамі або салодкі «калабок»... У Таццяны Спас заўсёды ўсё выходзіць вельмі смачнае. Гэта пры тым, што пячэ яна не на сваёй хатняй кухні, дзе гаспадыні, як вядома, і паветра дапамагае, а проста ў адным з кабінетаў Рагачоўскай раённай арганізацыі Беларускага Чырвонага Крыжа. Для яе выпечка — падзяка беларусам за дапамогу і падтрымку ў цяжкай жыццёвай сітуацыі.
— Мы з мужам Мікалаем з пасёлка Тэльманава Данецкай вобласці. У 2015 годзе прыехалі ў Гомельскую вобласць. У нас на той момант было трое сыноў. Малодшаму толькі два гадкі споўнілася. З-за пастаянных абстрэлаў сярэдні сын стаў моцна заікацца, малодшы ўвесь пакрываўся лішаём. У Гомелі і Рагачове жывуць родныя мужа, вырашылі перабірацца да іх, — расказвае Таццяна. — Ужо калі прыехалі ў Беларусь, даведалася, што ў нас будзе чацвёртае дзіця. Хвалявалася, перажывала, вядома. Але ўсё склалася вельмі добра. Муж — настаўнік фізічнай культуры — атрымаў работу ў школе, дапамаглі з жыллём. Мы жылі ў вёсцы Кургані недалёка ад Доўску, потым у самім аграгарадку. Увесь час дапамагалі людзі, падтрымлівалі нас, — шчыра дзякуе Таццяна Спас.
Тры гады таму яе сям`я справіла наваселле ўжо ва ўласнай кватэры. Пры падтрымцы беларускай дзяржавы шматдзетныя бацькі пабудавалі жыллё ў Рагачове. Яшчэ праз год Таццяна з мужам атрымалі беларускае грамадзянства. Год таму ў сям`і Спас нарадзіўся пяты сынок — маленькі Саша. Нечакана для сябе пры падтрымцы Беларускага Чырвонага Крыжа маладая маці ў водпуску па доглядзе за малым змагла запусціць свой сацыяльны праект.
Пасябраваць праз хлеб
Двойчы на тыдзень — па серадах і пятніцах — Таццяна Спас прыходзіць у раённую арганізацыю Беларускага Чырвонага Крыжа, пячэ хлеб і вучыць гэтаму майстэрству іншых.
— Я ўжо некалькі гадоў валанцёр Чырвонага Крыжа. Выйшла на пенсію, навучылася аказанню першай дапамогі, цяпер вучу іншых. Затое з цестам я ніколі не сябравала. Таму Таццяна, наш шэф-повар, вучыць нас пячы, — паведаміла адна з самых актыўных удзельніц майстар-класаў па выпечцы Зінаіда Ганчарова.
— У мяне ўжо атрымалася спячы дома хлеб пасля навучання Таццяны, хоць я толькі пачала вучыцца, — дадае Ала Васільева. — Вельмі добра, што ў нас ёсць такая магчымасць займацца нечым новым, а галоўнае — не адасабляцца.
Усяго ў Рагачоўскай раённай арганізацыі Беларускага Чырвонага Крыжа сем самых актыўных валанцёраў залатога ўзросту. Яны — нязменныя ўдзельнікі хлебных майстар-класаў. Таццяна вучыць рабіць закваску, замешваць цеста і выпякаць яго, а жыхаркі Рагачова пераймаюць асновы працэсу, дзеляцца гісторыямі з жыцця, размаўляюць, пасля чаёўнічаюць. Хлеб не заканчваецца, як і добрыя эмоцыі, а душы вылечваюцца. Дарэчы, частку таго, што тут выпякаюць, перадаюць падапечным сацыяльнай службы — адзінокім пенсіянерам і інвалідам. З радасцю на майстар-класах чакаюць жыхароў Рагачоўскага раёна, хто хоча навучыцца пячы хлеб.
— Для мяне як для мамы ў дэкрэтным водпуску аказалася вельмі карыснай ініцыятыва па выпечцы хлеба. Я рада, што магу прымяніць свае здольнасці на карысць людзям. Дарэчы, калі пячэш для іншых, вучыш гэтаму працэсу, з`яўляецца і матывацыя развівацца ў гэтай справе. Цяпер мне цікава далей паглыбляцца ў тэму выпечкі хлеба на заквасцы, хочацца разам асвойваць новыя рэцэпты і падыходы ў гэтым працэсе, — падзялілася Таццяна Спас.
Арыенцір — хлебны водар
Дарэчы, узяцца за такі праект маладая маці вырашыла дзякуючы падтрымцы старшыні Рагачоўскай раённай арганізацыі Беларускага Чырвонага Крыжа Ірыны Семянюк. Ірына Міхайлаўна ў кожнай канкрэтнай сітуацыі імкнецца разам з адрасатамі дапамогі знайсці канструктыўнае рашэнне. Так, ведаючы пра кулінарныя таленты перасяленкі з Данбаса, старшыня Рагачоўскай раённай арганізацыі Беларускага Чырвонага Крыжа прапанавала жанчыне далучыцца да ініцыятывы па выпечцы хлеба. На Гомельшчыне аналагаў такога праекта пакуль няма.
— На сродкі, якія нам выдзелілі па лініі Чырвонага Крыжа, мы закупілі электрычную духоўку і формы для выпечкі. Галоўная мэта гэтай ініцыятывы — дапамагчы пажылым людзям арганізаваць вольны час, навучыць іх няхітрым кулінарным сакрэтам, каб яны заўсёды маглі мець на сваім стале свежую выпечку. Акрамя таго, вельмі важна і тое, што праект закліканы дапамагчы падтрымліваць дружалюбныя сувязі паміж мігрантамі з Украіны і нашымі пажылымі землякамі, арганізоўваць сумесны карысны вольны час для нашых падапечных, — звярнула ўвагу Ірына Семянюк.
У цэлым жа сярод падапечных Рагачоўскай раённай арганізацыі Беларускага Чырвонага Крыжа сёння 120 мігрантаў Украіны. Між тым на Гомельшчыне працягваецца падобная практыка аказання дапамогі ў адкрыцці ўласнай справы тым, хто з-за ваенных дзеянняў аказаўся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі. З пачатку года ў рэгіёне яшчэ 25 мігрантаў з Украіны атрымалі фінансавую дапамогу для адкрыцця сацыяльных і бізнес-праектаў.
Наталля Капрыленка
Звязда, 12 лістапада 2023
Звязда, 12 лістапада 2023
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/11-402/1/71435
Текущая дата: 27.12.2024